Суд над журналісткай Тамарай Шчапёткінай перанеслі на няпэўны час



Суд па адміністрацыйнай справе журналісткі Тамары Шчапёткінай з Бярозы пераносіцца на няпэўны час.

Аб гэтым ёй паведамілі 19 жніўня  па тэлефоне з суда, а сёння гэтую інфармацыю пацвердзіла сакратар суддзі Марта Карпыза:

– Не, не будзе, суд пераносіцца, затым вам паведамяць на якое чысло.

РР: А па якой прычыне сёння адклалі?

– Я не ведаю.

РР: А можа суддзя вам падкажа.

– Не ведаю. Прычына невядомая.

РР: Нават для суддзі? Яна ж сама плануе судовыя пасяджэнні.

– Я не ведаю. Я не суддзя.

РР: А можна каб вы далі ёй слухаўку.

– Не, у нас суддзі не адказваюць на тэлефонныя званкі.  Не вядуць перамоваў з грамадзянамі.

Тамару Шчапёткіну 12 жніўня затрымалі міліцыянты Бярозаўскага РАУС на 72 гадзіны да суда нібы за ўдзел у нейкім маршы, якога не было. У ізалятары ёй стала дрэнна, і выкліканая хуткая дапамога даставіла яе ў суправаджэнні міліцыянта ў кардыялагічнае аддзяленне Бярозаўскай райбальніцы з гіпертанічным крызам. Праз 5 дзён Тамару Шчапёткіну выпісалі з бальніцы і ў гэты ж дзень ёй уручылі позву ў суд на 20 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя