Суд не адбыўся, справа берасцейскіх актывістаў – на дапрацоўцы
Судовага працэсу над грамадскімі актывістамі Андрэем Шарэндам і Палінай Панасюк, прызначанага на 10 лістапада, так і не адбылося.
Кажа Андрэй Шарэнда:
– Я з’явіўся. Мяне накіравалі да суддзі Вінаградавай, якая нібыта павінна весці мой працэс. Калі я зайшоў, яна сказала, што матэрыялаў гэтай справы ў яе ўжо няма. Яна азнаёмілася са справай, але там былі нейкія памылкі, і яна накіравала справу на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Берасця.
Паліна Панасюк:
– Яны ідуць па шляху найменшага супраціву. Мы асобы вядомыя, ім ужо можна не напружвацца: нас лёгка вылічыць, мы паўсюль засвечаныя. Таму яны адразу ведаюць, да каго ісці.
Андрэй і Паліна праводзілі раздачу ўлётак, балонікаў і сувенірных торбаў у межах інфармацыйнай кампаніі па “Малым памежным руху” на пешаходнай Савецкай у Берасці. Менавіта гэтая акцыя і стала падставай для складання пратакола. “Мы лічым, што такім самадурствам на нас папросту спрабуюць ціснуць,” – лічаць актывісты.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце