Суд не ўбачыў правапарушэння ў дзеяннях дэпутата ПП НС Марзалюка



Суд Ленінскага раёна Магілёва 10 траўня адхіліў скаргу праваабаронцы Алеся Хамратава на пастанову аб спыненні адміністрацыйнай справы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, які 15 сакавіка прыняў удзел у мітынгу супраць дэкрэта „аб дармаедах”.

У несанкцыянаванай акцыі супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” прыняло ўдзел да 500 чалавек. У іх ліку быў дэпутат Марзалюк, які актыўна выступаў у абарону дэкрэта. Пасля мітынгу каля дзясятка чалавек былі затрыманыя і пасля асуджаныя. Дваіх пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 і 12 сутак, у тым ліку за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Хамратаў неаднаразова патрабаваў прыцягнуць да адказнасці і дэпутата, які нароўні з іншымі грамадзянамі ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі. Аднак міліцыя не ўгледзела ў дзеяннях Марзалюка складу адміністрацыйнага правапарушэння, нягледзячы на наяўнасць паказанняў сведак, фота- і відэаматэрыялаў. Апошні раз аб адмове прыцягнуць дэпутата да адказнасці Хамратаву паведаміў 2 траўня намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін.

5 траўня праваабаронца абскардзіў адказ з РАУС у судзе Ленінскага раёна Магілёва.

Згодна з матэрыяламі міліцэйскай праверкі дзеянняў Марзалюка дэпутат сцвярджаў, што прыйшоў на вуліцу Ленінскую для правядзення сустрэчы з грамадзянамі. „Калі ён пачынаў гаварыць, грамадзяне ўжо збіраліся ісці па вул. Ленінскай да плошчы Зорак, бо ім ужо было гэта прапанавана кімсьці з прысутных грамадзян. Калі стаў гаварыць з выкарыстаннем сродкаў узмацнення гуку перад грамадзянамі, якія засталіся, пачаліся крыкі, і ён аддаў сродак узмацнення гуку, а ў далейшым стаў размаўляць з тымі, хто да яго падыходзіў, адказваў на іх пытанні”, — гаворыцца ў матэрыялах праверкі, згодна з якой „у дзеяннях Марзалюка І.А., які праводзіў выступленне і гутарку з грамадзянамі, якія сабраліся”, адсутнічае склад адміністратыўнага правапарушэння па частцы 1 артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) КаАП.

Суддзя Ірына Ланчава цалкам пагадзілася з меркаваннем міліцыі і адхіліла скаргу Хамратава на пастанову Ленінскага РАУС.

„У практыку судоў паўсюдна ўваходзяць двайныя стандарты, заганнасць улады ўжо перастае здзіўляць грамадзян. Людзі закрываюцца, гаворачы „мы ж ведаем, у якой краіне жывём”. Так не павінна быць, што суды ўжо хлусяць людзям у твар, што суддзя не даследуе довады заяўніка аб допыце сведкі ў судовым пасяджэнні і ніякім чынам не хоча праверыць, ці былі факты, на якія спасылаецца РАУС”, — заявіў Хамратаў журналістам пасля пасяджэння. На яго думку, суд павінен быў бы адправіць справу на новую праверку. Ён мае намер абскардзіць рашэнне суддзі Ланчавай.

„Я наўмысна гэта ўсё зрабіў, каб паказаць грамадству, якая праблема ў нас існуе. Я ведаў, якое рашэнне будзе прынятае судом, і таму вырашыў вынесці смецце з хаты. Я хачу паглядзець, наколькі сапсавана наша сістэма, каб мяне ніхто не абвінаваціў у тым, што я не абскардзіў гэтае рашэнне. Калі ў мяне будзе аналагічнае рашэнне Вярхоўнага суда, то можна будзе з упэўненасцю гаварыць пра цалкам прагніўшую сістэму”, — сказаў Хамратаў.

Раней праваабаронцы, грунтуючыся на выпадку з дэпутатам Марзалюком, абвінавацілі магілёўскія праваахоўныя органы ў двайных стандартах ў адносінах да звычайных грамадзян і асоб, надзеленых уладай.

belapan.by