Суд не задаволіў іск „АйПаўэр” да актывістаў
Эканамічны суд Берасцейскай вобласці не задаволіў іск ТАА „АйПаўэр” аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывістаў грамадскай кампаніі супраць прадпрыемства Дзмітрыя Бекалюка, Дзям’яна Лепясевіча, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.
21 чэрвеня блогеры ў сваім youtube-праекце „Народны рэпарцёр” размясцілі відэаролік „Галоўны гемарой Берасця”, у якім казалі аб выкідах шкодных рэчываў у перыяд правядзення пусканаладачных работ.”Суд прыняў правамернае рашэнне і абараніў права актывістаў на крытыку гэтага шкоднага прадпрыемства”, — заявіў Кісляк.
Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”.
На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.