Суд не задаволіў іск гамяльчаніна, які прасіў адкрыць беларускі клас
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў у задавальненні іску Сяргея Макрэнкі да сярэдняй школы № 5 і аддзелу адукацыі гарвыканкама, якія не забяспечылі права дзіцяці вучыцца на беларускай мове. Права вучыцца на адной з дзяржаўных моў гарантуецца Канстытуцыяй і Кодэксам аб адукацыі.
Дачка істца сёлета пайшла ў першы клас. Бацька ж патрабаваў для дачкі навучання на беларускай мове ў школе № 5 па месцы жыхарства, аднак ва ўстанове адукацыі адмовіліся стварыць беларускамоўны клас, спасылаючыся на тое, што іншых бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзяцей вучылі па-беларуску, не знайшлося. У выніку гамяльчаніну давялося аддаць дачку ў гімназію № 36, размешчаную ў спальным раёне Гомеля, дзе быў набор у беларускамоўны клас. Для сям’і гэта вымагае дадатковага часу і грошай. „Каб даставіць дзіця ў школу, мне паспець на працу ў іншы канец горада і потым забраць яе, я штодзень праязджаю лішнія 25 кіламетраў”, — удакладніў ісцец.
Падчас працэсу бок адказчыка прадстаўлялі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Рэзнік і дырэктар школы № 5 Таццяна Даманчук. У судзе яны заявілі, што для аднаго дзіцяці або меркаваных двух-трох вучняў ствараць клас немэтазгодна.
Рэзнік заявіла, што „чалавек — істота сацыяльная”, і яму неабходна знаходзіцца ў атачэнні дзяцей. „Будучы адной у класе, сам-насам з педагогам, будзе стаяць пытанне сацыялізацыі дзіцяці”, — заўважыла спецыяліст.
Дырэктар школы ў судзе сцвярджала, што сярод бацькоў дашкольнікаў было праведзенае анкетаванне, у якім узялі ўдзел 130 чалавек, з іх 129 выказаліся за рускую мову навучання.
Аднак Макрэнка ў судзе папрасіў падаць дадзеныя анкеты для агляду і высветліў, што агучаныя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці — сярод апытаных быў, прынамсі, яшчэ адзін чалавек, які выказаўся за беларускую мову. Акрамя таго, гамяльчанін заўважыў, што каля 20 анкет запоўненыя адным почыркам. Дырэктар такую сітуацыю растлумачыць не змагла.
Прадстаўнік аддзела адукацыі зачытала ў судзе статыстыку, згодна з якой у Гомелі з насельніцтвам каля 500 тыс. чалавек працуюць тры беларускія класы ў гімназіі № 36, там навучаюцца 62 дзіцяці, з іх 22 — у першым класе. Усяго ў Гомелі ў гэтым годзе створаныя 324 першыя класы, у якіх навучаецца каля 6 тыс. школьнікаў.
Суддзя Ілья Свірыдаў прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні іску, патлумачыўшы, што суд пагадзіўся з довадамі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі: дзіця павінна вучыцца ў калектыве, школа не мае тэхнічнай магчымасці арганізоўваць клас з адным-двума вучнямі, да таго ж у Гомелі ёсць магчымасць рэалізаваць права на атрыманне адукацыі па-беларуску ў гімназіі № 36 — адзінай установе адукацыі, дзе набіраюць першыя класы з беларускай мовай навучання.
Макрэнка заявіў, што будзе абскарджваць гэтае судовае рашэнне.