Суд не задаволіў скаргі былога афганца Аляксандра Сахарука
Берасцейскі абласны суд адмовіў жыхару Берасця Аляксандру Сахаруку ў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ад Міністэрства фінансаў. Запрошаная кампенсацыя – 1000 беларускіх рублёў.
Маральная шкода яму была нанесена супрацоўнікамі міліцыі падчас шэсця на 9 Мая – Дзень Перамогі. Былога афганца Сахарука гвалтоўна выцягнулі з калоны супрацоўнікі міліцыі за разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там заставілі зняць медаль “За адвагу”, атрыманы на афганскай вайне. Раздзелі дагала і заставілі прысядаць. Не дазволілі паведаміць нікому пра затрыманне. Праз 29 гадзін выпусцілі з-за адсутнасці віны, кажа Аляксандр Сахарук:
– Любога грамадзяніна могуць вось так узяць, закрыць, голым прымусіць прысядаць, а пасля сказаць, што ты не вінаваты. І ім за гэта – нічога. Але калі я не вінаваты – значыць яны вінаватыя, яны парушылі закон. Канкрэтна міліцыянеры. Але так як міліцыянерам не магу прад’явіць позвы, бо такое ў нас заканадаўства, то я прад’яўляю яе Міністэрству фінансаў Рэспублікі Беларусь. Такія рэаліі.
Аляксандр Сахарук і яго прадстаўнік у судзе прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей лічаць рашэнне суда незаконным. Таму будуць абскарджваць яго ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце