Суд не задаволіў скаргу адваката Уладзіміра Сазанчука



Суд Маскоўскага раёна Менска на пасяджэнні 20 мая адмовіў у задавальненні Уладзіміра Сазанчука на пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі. Рашэнне прыняла суддзя Вольга Гусакова, паведаміў БелаПАН Сазанчук.

Паводле слоў суразмоўцы, ён быў упэўнены ў такім выніку судовага пасяджэння, аднак яго калегі і былыя кліенты лічаць неабходным рабіць усе крокі па абскарджанні выключэння з калегіі. Таму ён мае намер ісці далей — у Менскі гарадскі суд.

Уладзімір Сазанчук — былы адвакат палітвязняў Дзмітрыя Казлова (блогер), Мікалая Статкевіча (палітык) і Кацярыны Бахвалавай (журналістка „Белсата”, працавала пад псеўданімам Андрэева). Яго дзейнасць у якасці адваката была спыненая 26 лютага. За два дні да гэтага савет Менскай гарадской калегіі зацвердзіў рашэнне дысцыплінарнай камісіі аб выключэнні яго са свайго складу „ў сувязі са здзяйсненнем учынку, несумяшчальнага са званнем адваката”. Падставай паслужыла адмова адваката даць падпіску пра неразгалошванне дадзеных папярэдняга следства ў дачыненні да Дзмітрыя Казлова (Шэры Кот).

Абаронца ўпэўнены, што намер пазбавіць яго ліцэнзіі быў звязаны выключна з абаронай палітвязняў.

На думку Сазанчука, дзеянні ўладаў па пазбаўленні адвакацкіх ліцэнзій — „спроба ліквідацыі хоць нейкіх элементаў дэмакратыі ў краіне”.

Масавая атэстацыя адвакатаў, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю па палітычна матываваных справах, пачалася 3 сакавіка. Тады з сямі выкліканых на камісію адвакатаў яе прайшоў адзін, трое не былі атэставаныя і яшчэ трое прайшлі атэстацыю ўмоўна. 24 сакавіка з дзесяці адвакатаў камісію прайшлі толькі двое, яшчэ трое — умоўна.

31 сакавіка Савет Менскай абласной калегіі адвакатаў прыняў рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі аднаго з самых вядомых адвакатаў Сяргея Зікрацкага. Нядаўна ён паехаў у Вільню і далучыўся да каманды дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай у якасці яе прадстаўніка па прававых пытаннях.

За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі каля 20 адвакатаў, у тым ліку абаронцаў Марыі КалеснікавайАляксандра Пыльчанкі і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых абаронцаў КалеснікавайІллі Салея і Максіма Знака — распачатыя крымінальныя справы.

Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан і інш.

18 сакавіка на нарадзе па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, што „зроблена для навядзення парадку ў адвакатуры”.

БелаПАН