Абласны суд не задаволіў скаргу Андрэя Мялешкі
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Андрэя Мялешкі – журналіста-фрылансера. Суд прайшоў у хуткім рэжыме. Справу разглядаў суддзя Аляксей Цвяткоў. Рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні пра пакаранне журналіста штрафам у 30 базавых велічынь застаецца ў сіле. Аляксей Цвяткоў не прыняў аргументы, што пастанова першага суда супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму заканадаўству.
– Спадзеву ў мяне насамрэч не было. Бо я быў на некалькіх судовых паседжаннях гэтага суддзі. Некалькі дзён таму я адмыслова хадзіў глядзець, як ён вядзе працэс. І пабачыў, што мне чакаць ад яго задавальнення маёй скаргі не варта. У яго такая канцэпцыя – скаргі не разглядаць, а пакідаць у сіле ўсе прысуды папярэдніх інстанцый.
Раней Кастрычніцкі раённы суд Гародні прызнаў вінаватым Андрэя Мялешку ў нібыта незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі для замежных СМІ. Цяпер журналіст мусіць заплаціць штраф. Андрэй Мялешка не збіраецца здавацца і будзе абскарджваць сённяшняе рашэнне суда ў вышэйшых судовых інстанцыях аж да Камітэта па правах чалавека ААН.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара