Суд не задаволіў скаргу Ганны Бахціной
Суд Маскоўскага раёна Менска не задаволіў скаргу вядомага адваката Ганны Бахціной на рашэнне Міністэрства юстыцыі, якое пазбавіла яе адвакацкай ліцэнзіі. Суддзя Арцём Русак абвясціў сваё рашэнне раніцай 31 кастрычніка, паведаміла БелаПАН Бахціна.
Юрыст аспрэчвала рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі, якая 12 верасня падчас пазачарговай атэстацыі прызнала адваката з 25-гадовым стажам „недастаткова кваліфікаванай”. На падставе гэтага рашэння Мінюст пастановай ад 14 верасня пазбавіў Бахціну права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць. 26 кастрычніка яна была выключаная з Менскай гарадской калегіі адвакатаў.
Пасяджэнні суда па разглядзе скаргі адбыліся 19, 27 і 30 кастрычніка. Бахціна падчас працэсу не прызнала большасць парушэнняў, пастаўленых у віну ёй Мінюстам. Некалькі парушэнняў, якія тычыліся афармлення дагавораў з кліентамі, адвакат прызнала, але заявіла, што ні адно з іх не прывяло да парушэння правоў грамадзян, нараканняў на якасць яе працы і „не можа сведчыць аб недастатковасці кваліфікацыі як юрыста і адваката”.
Бахціна таксама адпрэчыла прэтэнзіі кваліфікацыйнай камісіі на тое, што яна не адказала на дадатковыя пытанні па галінах права падчас пазачарговай камісіі, заявіўшы, што ў выніку доўгай працэдуры ёй стала дрэнна.
Рашэнне Мінюста пазбавіць яе ліцэнзіі на права займацца адвакацкай дзейнасцю Бахціна звязвала з тым, што яна абараняла фігурантаў рэзанансных працэсаў, у прыватнасці блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама Міраслава Лазоўскага (яшчэ не завершаная справа „Белага легіёна”).
Апаненты адваката ў судзе — прадстаўнікі Мінюста — заявілі, што кваліфікацыйная камісія прызнала яе недастаткова кваліфікаванай і палічыла магчымым пазбавіць ліцэнзіі „па сукупнасці фактараў” — акту праверкі, тлумачэнняў па парушэннях і адказах на пытанні падчас сумоўя.
Ганна Бахціна — вядомы ў Беларусі спецыяліст з 13-гадовым пракурорскім стажам і 25-гадовым стажам адвакацкай дзейнасці. Апошнія дзесяць гадоў яна абараняла многіх фігурантаў рэзанансных спраў з палітычнай афарбоўкай. У прыватнасці, прадстаўляла інтарэсы Эніры Браніцкай, абвінавачанай у 2006 годзе ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі — аб’яднання назіральнікаў за выбарамі „Партнёрства”, журналісткі Ірыны Халіп — у справе аб масавых беспарадках пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, стваральніка вострасацыяльную рэсурсу 1863x.com Эдуарда Пальчыса.
Фота nn.by