Суд не задаволіў скаргу незалежнага журналіста Змітра Лупача
Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача.
Суддзя Святлана Іванова на гэты раз не адмяніла штраф у 35 базавых велічыняў, які прысудзіў журналісту суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч. Мінулы раз Віцебскі суд скасаваў штраф, прысуджаны журналісту Шаркоўшчынскім судом.
Паводле Змітра Лупача, тады абласны суд хоць і адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі, але яго не апраўдаў. Таму цяпер ён і не спадзяваўся на станоўчае рашэнне.
– Не было спадзяванняў, і Віцебскі суд мяне не апраўдаў. У пастанове напісана, што я прызнаны вінаватым. Я насіў у канцылярыю заяву, каб мне вярнулі дзяржпошліну. Заяву прынялі, але сказалі, што шанцу няма, таму што суд мяне не апраўдаў, а адмяніў рашэнне, бо сышлі тэрміны. А гэта не з’яўляецца рэабілітуючымі акалічнасцямі.
Сёлета журналіста-фрылансера Змітра Лупача судзілі чатыры разы па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. За супрацу з тэлеканалам “Белсат” яго ўжо штрафавалі суды Пастаўскага, Докшыцкага, Шаркоўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. На чарзе яшчэ адзін суд у Докшыцах за сюжэт пра вываз смецця.
Але журналіст не збіраецца здавацца, а будзе падаваць чарговую скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя