Пракурор прасіў два гады, суддзя даў толькі штраф (абноўлена)
Вячаслаў Касінераў прысуджаны да штрафу. Крымінальная справа па абвінавачанні ў хуліганстве за правядзенне перфармансу са скульптурай менскага гарадавога, скончылася адносна мяккім прысудам. Пракурор падчас судэвага працэсу прасіў для Касінерава два гады абмежавання волі.
Такі адносна лагодны вырак суда стаўся абсалютна нечаканым і можа тлумачыцца вялікай цікавасцю грамадства да гэтай справы, кажа Вячаслаў Касінераў:
– Тое, што яны здзейснілі над маім сябрам і паплечнікам Змітром Паліенкам, які зараз за кратамі знаходзіцца, я думаю нешта падобнае чакае і мяне. Я жадаю падзякаваць усім: грамадзянскай супольнасці, журналістам, паплечнікам, сябрам. Яны займаліся гэтым, звярталі ўвагу грамадскасці. Гэта сапраўды вялікі ціск, гэта сапраўды ў пэўных сітуацыях, вось такіх, як мая, наша, маіх сяброў, яна ратуе.
У сакавіку гэтага года Вячаслаў Касінераў зладзіў перформанс, накінуўшы пятлю на шыю скульптуры менскага гарадавога ў знак пратэсту супраць хвалі міліцэйскіх рэпрэсіяў. Міліцыя, якая затрымала Касінерава, кваліфікавала гэты ўчынак як крымінальнае злачынства.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск