Суд па справе Дзядка прыпынены на час правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы



Па справе актывіста Мікалая Дзядка прызначылі судовую псіхалінгвістычную экспертызу.

У судзе абвешчаны перапынак на час яе правядзення. На экспертызу накіраваныя прыблізна 20 пастоў з тэлеграм-канала „Мікола”, які вёў Дзядок. Пытанні экспертызы тычацца распальвання варожасці ў адносінах да групы асоб, аб’яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАП, і дзяржаўных служачых, паведамляюць праваабаронцы.

„Мікола і яго адвакат былі супраць пастаноўкі гэтых пытанняў на экспертызу, бо яны выходзяць за межы абвінавачвання: артыкул 130 Крымінальнага кодэкса не ставіцца яму ў віну”, — гаворыцца ў паведамленні.

32-гадовага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка абвінавачваюць у тым, што ён размяшчаў артыкулы ў інтэрнэце, якія, паводле версіі пракуратуры, утрымлівалі выказванні, варожыя ў адносінах да існай улады. 

Максімальнае пакаранне —пазбаўленне волі на пяць гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя