Суд па справе палітвязня Мікалая Дзядка прызначаны на 3 лістапада



Судовае слуханне па справе Мікалая Дзядка пачнецца ў сераду, 3 лістапада, у 10.00, паведамляюць праваабаронцы. Справу будзе разглядаць Менскі гарадскі суд. Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая, просіць усіх неабыякавых людзей падтрымаць ягонага сына.

32-гадовага анархіста і палітвязня Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе мінулага года на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы ў Асіповіцкім раёне. Мікалая абвінавачваюць у закліку да захопу ўлады, незаконных дзеянні з гаручымі рэчывамі, арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабаронцы паведамлялі, што пасля затрымання актывіста катавалі: лупцавалі дубінкай, электрашокерам білі па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.