Суд па справе Шчучынскага масласырзавода перанесены
Сёння, 1 сакавіка, у судзе Слонімскага раёна адбыліся першыя слуханні па іску кіраўніцтва ААТ „Шчучынскі МСЗ” да сваіх работнікаў. Суддзя Жана Салавей пагутарыла з работнікамі вытворчага цэха „Слонім” ААТ „Шчучынскі масласырзавод”. Пасля гутаркі суд перанеслі на 15 сакавіка.
Нагадаем гэту гісторыю, якія цягнецца ўжо два гады. Нястачу сыравіны і гатовай прадукцыі на суму звыш 270 млн рублёў выявілі ў цэху прадпрыемства ў Слоніме яшчэ ў ліпені 2014 года. Кіраўніцтва завода падало ў суд Слонімскага раёна на работнікаў вытворчага цэха „Слонім”, грамадзянская справа да сённяшніх дзён знаходзілася на разглядзе. Акрамя таго, загадам дырэктара ААТ „Шчучынскі масласырзавод” прадугледжвалася ўтрыманне з зарплаты 33 работнікаў цэха сумы шкоды на падставе дамовы аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасці. Рашэнне кіраўніцтва прадпрыемства выклікала незадаволенасць у калектыве цэха, паколькі работнікі лічаць, што шкоду павінны кампенсаваць канкрэтныя вінаватыя асобы, якія маюць дачыненнне да крадзяжоў прадукцыі і сыравіны. Гэтая пазіцыя супадае з пунктам гледжання пракуратуры. Яшчэ раней пракурор Шчучынскага раёна ўносіў прадпісанне аб спыненні дзеяння загаду кіраўніцтва прадпрыемства аб утрыманні з зарплаты. Па факце нястачы сыравіны і прадукцыі ў верасні 2014 года была ўзбуджаная крымінальная справа, якую пасля Слонімскі раённы аддзел Следчага камітэту прыпыніў з-за невысвятлення канкрэтных вінаватых асобаў. Аднак пракуратурай вобласці гэтая крымінальная справа была вывучана і адноўлена, бо „следчымі не выкананы былі ўсе следчыя і аператыўныя мерапрыемствы для ўстанаўлення раскрадальнікаў”. На падставе гэтага рашэння пракуратуры, суддзя прыпыніў разгляд грамадзянскай справы па іску кіраўніцтва ААТ „Шчучынскі МСЗ” да работнікаў да вынясення канчатковага рашэння па крымінальнай справе. І вось справа дайшла да суда.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім