Суд па справе Таццяны Равякі адкладзены



Працэс па справе праваабаронцы Таццяны Равякі адкладзены да 26 красавіка. Такое рашэнне прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня ў сувязі з няяўкай адваката праваабаронцы Вадзіма Мушынскага.

Прычына адсутнасці адваката  невядомая, яго тэлефон недаступны. Таццяна Равяка паведаміла, што яшчэ ўчора ўвечары ён пацьвердзіў, што сёння будзе ў судзе:

– Мне пакуль цяжка сказаць, чаму яго няма, бо мы ўчора дамаўляліся. Гэта быў запланаваны працэс. Ён учора пацвердзіў у адвакатуры, што плануе быць у судзе ў 9.30. Будзем спадзявацца, што і з ягоным аўтамабілем усё добра, і што яго не падвяла ні тэхніка, ні здароўе.

Таццяна Равяка была затрыманая 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Равяку абвінавачваюць на падставе двух артыкулаў: дробнае хуліганства і непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org