Суд па „справе TUT.by” пачнецца 9 студзеня



У Менскім гарадскім судзе 9 студзеня пачнецца працэс па „справе TUT.by”, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Справу будзе разглядаць у закрытым рэжыме суддзя Валянціна Зянкевіч.

Па справе праходзяць пяць чалавек, двое з якіх знаходзяцца пад вартай – экс-гендырэктар Людміла Чэкіна, і галоўны рэдактар Марына Золатава.

Галоўрэду палітыка-эканамічнага блока навін Вользе Лойка, журналістцы Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнка раней змянілі меру стрымання.

Людміла Чэкіна абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, арганізацыі распальвання сацыяльнай варожасці і варожасці, а таксама распаўсюджванні матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова вінавацяцца ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, распаўсюджванні матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Кацярына Ткачэнка абвінавачваецца ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

На думку абвінавачання, ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» незаконна атрымлівала льготы ПВТ. Памер недаплачаных у 2019-2021 гадах падаткаў ацэнены ў больш як 3 млрд рублёў.