Суд пакараў кобрыньскага „Касталома”



Кобрыньскім судом вынесены прысуд цяпер ужо старшаму ўчастковаму Кобрыньскага РАУС Сяргею Куляшову. Дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Кобрыньскай пракуратуры Аляксандр Шыкавецкі запатрабаваў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў Куляшовым. Вядучы працэс намеснік старшыні Кобрыньскага суда Пятро Цімашэнка падтрымаў патрабаванне абвінаваўцы ў поўным аб’ёме з выплатай трох тысяч рублёў у якасці кампенсацыі пацярпеламу Анатолю Глыцюку, кажа Пятро Цімашэнка:

Куляшова Сяргея Уладзіміравіча прызнаць вінаватым у наўмысным здзяйсненні службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы закона і паўнамоцтваў, што прадастаўлены яму па службе, а ў выніку нанясення істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным інтарэсам, парушэннем уладай службовых паўнамоцтваў.

Нягледзячы на сваю просьбу змякчыць прыгавор, пацярпелы Анатоль Глыцюк лічыць рашэнне суда справядлівым:

Я рашэннем суда задаволены. Для міліцыі гэта прыклад. Будуць думаць перад тым, як здзяйсняць такія злачынствы.

Два дні на судовых паседжаннях у знак салідарнасці ў зале суда ў форме сядзела больш за 40 міліцыянтаў Кобрыньскага РАУС разам з кіраўніком аддзела. Гэта не выклікала пытанняў ні ў службе асабістай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў, ні ў службе асабістай бяспекі Берасцейскай вобласці.

Гэта быў не першы выпадак з нанясеннем цялесных пашкоджанняў людзям: пабоі, паламаныя рэбры, паламаныя пальцы. У народзе за ім замацавалася мянушка „Касталом”. Але справы не даходзілі да суда. Замест пакарання Куляшова ўзнагароджвалі. Толькі апошні выпадак пералому нагі вяскоўцу Анатолю Глыцюку дайшоў да суда і стаў вядомы грамадскасці дзякуючы незалежнай прэсе.

Суддзя Пятро Цімашэнка і старшы памочнік пракурора Аляксандр Шыкавецкі прынялі законнае рашэнне і паказалі недапушчальнасць такіх метадаў у рабоце людзьмі ў міліцэйскай форме.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Кобрынь