Суд пастанавіў вярнуць віцябляніну грошы за знішчаны сцяг



Жыхару Віцебска Міколу Качурцу ўдалося спагнаць грошы за бел-чырвона-белы сцяг, які супрацоўнікі міліцыі адабралі ў яго летась 25 сакавіка ды незаконна знішчылі. Праўда, суд Першамайскага раёна Віцебска толькі задаволіў патрабаванні заяўніка не ў поўным аб’ёме: спадар Качурэц ацаніў знішчаную маёмасць у 42 рублі, а суддзя Алена Савіцкая пастанавіла сплаціць яму толькі 8 рублёў 30 капеек.

Падчас судовага разбіральніцтва Мікола Кацурэц аргументаваў свае падлікі. Паводле прайсу інтэрнэт-крамы Symbal.by, бел-чырвона-белы сцяг падобнага памеру каштуе 20 рублёў, калі далучыць да гэтай сумы кошт самых танных квіткоў на цягнік да Менска і ў зваротны бок, а таксама кошт адрэзка палімернай трубы, з якой быў зроблены тронак, атрымаецца якраз 42 рублі. Міліцыянт Зміцер Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, ацаніў знішчаную маёмасць значна танней. Ён знайшоў краму, дзе тканіну белага і чырвонага колераў можна набыць па цане 2,50 руб. за 1 м, а таксама парэкамендаваў паслугі краўчыхі, якая ўзялася б вырабіць падобны сцяг за 7 рублёў. Суддзя Алена Савіцкая вырашыла іначай: яна даслала запыты ў віцебскі ўнівермаг, на прадпрыемства “Труд-Віцебск” і ў “Дом сантэхнікі”. Паводле атрыманай інфармацыі, тканіну для сцяга (0,5 м х 1,5 м) можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сцяг – за 2,50 рубля, набыць трубу для дрэўка – за 4,41 рубля. Агулам атрымалася 8 рублёў 30 капеек. Грошы спадару Качурцу будуць выдаткаваны з дзяржаўнага бюджэту.

Мікола Качурэц лічыць, што пашыць новы сцяг за два з паловай рублі нерэальна, бо суд кіраваўся прамысловымі, а не індывідуальнымі расцэнкамі на кравецкія паслугі. Таму судовую пастанову ён збіраецца абскардзіць. Але рашэнне суда вярнуць яму грошы жыхар Віцебска расцэньвае станоўча. Бо міліцыі ўказана на тое, што супрацоўнікі не маюць права знішчаць чужую маёмасць. Артыкулам 23.34 КаАП, паводле якога Мікалая Качурца летась затрымалі за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, увогуле не прадугледжана ні канфіскацыя, ні знішчэнне атрыбутыкі пікетоўцаў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя