Суд прыняў да разгляду карупцыйную справу магілёўскіх мытнікаў
Тры былыя работнікі Магілёўскай мытні прызналі віну і заключылі са следствам дасудовае пагадненне.
На лаве падсудных па справе магілёўскіх мытнікаў — былы начальнік аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Магілёўскай мытні Сяргей Карпушэнка, старэйшыя оперупаўнаважаныя таго ж аддзела Дзяніс Даніловіч, Сяргей Бякешка, Сяргей Бежалеў, оперупаўнаважаны Кірыл Сідарэнка. Ім усім выстаўленае абвінавачанне ў атрыманні хабараў. Акрамя таго, оперупаўнаважаныя абвінавачаныя ў крадзяжах, учыненых шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры.
Акрамя мытнікаў, па справе ў якасці падсудных праходзяць тры грамадзяніны Азербайджана: работнік ТАА „Крышталь” Бахціяр Гурбанаў, індывідуальныя прадпрымальнікі Галіб Сулейманаў і Назім Шырынаў. Усе яны абвінавачваюцца ў дачы хабараў, а Гурбанаў і Сулейманаў — яшчэ і ў крадзяжах, учыненых шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Абвінавачанні ў такіх крадзяжах таксама выстаўленыя Андрэю Гоману, які знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, і Людміле Маёравай, загадчыцы склада фірмы „Вейна”. У хабарніцтве абвінавачаная былая загадчыца магазіна канфіскаваных тавараў „Ваш выбар” у Магілёве Таццяна Ілюшына. Усе падсудныя, за выключэннем Гомана, Маёравай і Ілюшына, знаходзяцца пад вартай.
18 жніўня адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне, дзе было разгледжана выкананне трыма падсуднымі — Даніловічам, Бякешкам і Бежалевым — заключаных са следствам дасудовых пагадненняў.
Згодна з матэрыяламі справы, зачытанымі суддзёй Вольгай Бекушавай, у хуткім часе пасля затрымання летам 2016 года яны цалкам прызналі сваю віну, чыстасардэчна раскаяліся, заявілі пра гатоўнасць супрацоўнічаць са следствам у мэтах устанаўлення ісціны па крымінальнай справе, якая расследуецца. Паводле слоў кожнага з іх, дасудовыя пагадненні былі заключаны добраахвотна, у прысутнасці адвакатаў і выкананы ў поўным аб’ёме з боку падсудных.
Разам з тым, як расказаў адвакат Бякешкі, следства няправільна ўстанавіла памер шкоды, нанесенай яго падабаронным, таму пакрыць яе не ўдалося. Даніловіч таксама сцвярджаў, што не згодны з памерам шкоды, устаноўленай следствам, акрамя таго, пярэчыў па некаторых момантах інкрымінаваных яму фактаў хабараў.
Як заявіў дзяржабвінаваўца, умовы дасудовага пагаднення ў поўнай меры выканаў толькі Сяргей Бежалеў. Бякешка і Даніловіч не прызналі сваю віну ў поўным аб’ёме, таму абвінавачанне не можа прызнаць выкананымі з боку гэтых падсудных усіх умоў дасудовага пагаднення, адзначыў пракурор.
Разгляд справы ўсіх 11 фігурантаў прызначаны на 30 жніўня.