Суд прызнаў доказы істца справядлівымі, але скаргу не задаволіў



2021 год аб’яўлены ў Беларусі Годам народнага адзінства. Грамадскія актывісты Слоніма, як і розныя іншыя разважлівыя людзі, выступаюць за адзінства беларускага народа. Яны хочуць, каб у Беларусі былі мір і спакой, каб краінай кіравалі тыя асобы, якіх выбралі ў парламент, як і прэзідэнта,  на справялівых і сумленных выбарах, каб людзей не білі і не саджалі ў турмы за іх погляды і перакананні.

А справа вось у чым. Яшчэ напачатку сакавіка ў Слонімскі райвыканкам была пададзена заява ад слонімца Алега Вяселіна з просьбай дазволіць 25 і 26 сакавіка правесці ў гарадскім парку Слоніма пікеты. Мэта пікетаў – выступіць за адзінства і кансалідацыю беларускага грамадства, за свабоду палітзняволеных, за правядзенне новых, сумленных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, спыніць прававое бязмежжа.

Слонімскі райвыканкам разгледзеў заяву і адмовіў у правядзенні пікетаў, спасылаючыся на тое, што арганізатар нібыта парушыў ч.2 арт. 8 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.  Як аказалася, Слонімскі райвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў на аснове таго, што ў сярэдзіне сакавіка ў адным дэструктыўным тэлеграм-канале з’явілася ілжывая інфармацыя пра тое, што, нібыта, арганізатар пікетаў звярнуўся да адміністратара з просьбай размясціць інфармацыю пра тое, дзе і калі запланавана правядзенне пікетаў. А згодна закону, да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатары не маюць права публічна аб’яўляць у СМІ і Інтэрнэце пра дату, месца і час яго правядзення. Арганізатары цудоўна патрабаванні закона ведаюць і інфармацыю пра запланаваны пікет нікуды не паведамлялі і нідзе не друкавалі. Так, як арганізатары пікетаў закон не парушалі, а значыць з рашэннем райвыканкама аб забароне правядзення пікетаў яны не пагадзіліся, і звярнуліся са скаргай у суд. Скаргу разглядаў суддзя суда Слонімскага раёна Аляксандр Ярмолік.

У судзе слонімскія грамадскія актывісты прывялі пераканаўчыя доказы  неправамерных дзеянняў з боку Слонімскага райвыканкама, з указаннем на нормы права. У прыватнасці тое, што ч.2 арт.8 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” не можа служыць асновай для забароны правядзення пікетаў, а таксама тое, што адказ напісаны не па форме і з парушэннем закону.

Суд пагадзіўся з дадзенымі вынікамі заяўніка і вынес у адрас Слонімскага райвыканкама асобную заўвагу ў сувязі з парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але, каб адказаць заяўнікам у задавальненні скаргі, суд па сваёй ініцыятыве выйшаў за межы заяўленых патрабаванняў істца. І ўжо зусім на іншай аснове ён проста адмовіў у задавальненні скаргі. Падставай для адмовы паслужыла тое, што заяўнік не заключыў дамовы з МУС, ЖКГ і ўстановай аховы здароўя. Вось такое ў нас правасуддзе.

 

Беларускае Радыё Рацыя