Суд прызнаў экстрэмісцкай кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ілляша „Беларускі Данбас”



 Суддзя Кастрычніцкага раёна Менска Вольга Біруля прызнала экстрэмісцкай кнігу журналісткі Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ілляша „Беларускі Данбас”. Грамадзянскі працэс па прызнанні кнігі экстрэмісцкай паводле іску Менскага АУС на паветраным транспарце пачаўся 26 сакавіка.

„Беларускі Данбас” — гэта журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне ў Данбасе, ролю спецслужбаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Кніга была выдадзеная ў 2020 годзе ва ўкраінскім выдавецтве „Фоліо”.

Зацікаўленай асобай у грамадзянскім працэсе прызнаны журналіст тэлеканала „Настоящее время” Раман Васюковіч, якога затрымалі з двума асобнікамі кнігі ў аэрапорце Менска пасля прылёту з Кіева 11 снежня. Тады ў Васюковіча канфіскавалі кнігі, каб праверыць на экстрэмізм.

Ілляша прызналі зацікаўленай асоба паводле яго хадайніцтва напярэдадні працэсу. Яшчэ адна зацікаўленая асоба — Міністэрства інфармацыі, прадстаўнік якога ў суд не з’явіўся.

Экспертнае заключэнне Менскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет экстрэмізму было атрыманае 29 студзеня 2021 года. Эксперты прыйшлі да высновы, што ў кнізе ёсць прыкметы „распальвання расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, прапаганды выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх адносінаў да расавай, нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці, прапаганды і публічнага дэманстравання нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, матэрыялы і інструкцыі па выбуховай справе”.

Ілляш заявіў у судзе, што „заключэнне экспертаў склала ўражанне, што кнігу яны не адкрывалі, а рашэнне — гэта калька з нейкага дакумента”. Ён настойвае, што кніга не распальвае расавую ці нацыянальную варожасць, як напісана ў заключэнні экспертаў, не дэманструе нацысцкую сімволіку (у ёй няма ілюстрацый), не ўтрымлівае ніякіх інструкцый па выбуховай справе.

Ілляш хадайнічаў аб выкліку экспертаў, якія прызналі яго кнігу экстрэмісцкай, у суд у якасці сведак. Ён аргументаваў гэта тым, што ў іх заключэнні няма ніякай аргументацыі, толькі выснова, а шэраг фармулёвак наогул не мае ніякага дачынення да рэальнасці.

Таксама ён хадайнічаў запатрабаваць арыгіналы дакументаў — пратакола аб канфіскацыі кнігі і экспертнага заключэння. Цяпер у судзе маюцца толькі копіі. Усе ўдзельнікі працэсу не пярэчылі супраць хадайніцтва. Суддзя адмовіла. Што да экспертнага заключэння, Біруля адзначыла, што яго склалі вопытныя спецыялісты, якія былі праінфармаваныя пра адказнасць за сваё заключэнне.

Таксама яна адмовіла ў хадайніцтве аб прысутнасці Мінінфарма на працэсе.

Скарыстаўшыся сваім правам задаваць пытанні, Ілляш спытаў у прадстаўніка АУС на паветраным транспарце Андрэя Бабарыкі, на якой падставе яго кнігу западозрылі ў экстрэмізме. Бабарыка распавёў, што ў аператыўных супрацоўнікаў Дзяржпагранкамітэта маюцца спісы асоб, на якіх трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры праходжанні мяжы. Васюковіч быў у такім спісе, і паступіла „ўказанне мытні яго паглядзець”.

„Звярнулі ўвагу на назву. Прычым тут Данбас? Звярнулі ўвагу на бел-чырвона-белы сцяг на плячы салдата (шаўрон у нацыянальных колерах. — БелаПАН.)”, — сказаў Бабарыка.

Ён пагадзіўся, што ні колеры, ні сам бел-чырвона-белы сцяг не прызнаныя экстрэмісцкімі, але „ў сувязі з апошнімі падзеямі ўзнікае падазрэнне”. Бабарыка сказаў, што калі б Васюковіч вёз падобную кнігу „год таму, такога б не было”.

Пазіцыя Ілляша такая: „Экспертнае заключэнне сфальсіфікаванае, інакш маразматычная абсурдная выснова не была б сфармуляваная. Я ўспрымаю іск у дачыненні да кнігі як акт палітычнага пераследу за свабоду думкі”.

Адвакат Антон Гашынскі хадайнічаў адкласці справу і прыцягнуць незалежнага эксперта для ацэнкі кнігі. Усе зацікаўленыя асобы пагадзіліся з хадайніцтвам, але суддзя адмовіла. Тады Гашынскі хадайнічаў аб экспертызе ў Рэспубліканскай камісіі, яго падтрымалі ўсе зацікаўленыя. Суддзя таксама адмовіла.

Гашынскі ў спрэчках адзначыў, што асноўны доказ — заключэнне экспертнай камісіі. Ён звярнуў увагу, што фармулёўкі экспертызы не ўтрымліваюць ніякай канкрэтыкі і не з’яўляюцца доказнымі.

Ілляш у спрэчках сказаў, што суд разглядае прызнанне экстрэмісцкай кнігі, якую ніхто з удзельнікаў працэсу, акрамя аўтара, не чытаў. „У заключэнні адсутнічае аргументацыя, выклікае здзіўленне, што кнігу даследавалі візуальна і на гэтай падставе прызналі экстрэмісцкай. Такое рашэнне можа быць прынятае як палітычна матываванае”, — сказаў Ілляш.

belapan.by