Суд прызнаў экстрэмісцкай публікацыю на сайце „Виртуальный Брест”



Суд Маскоўскага раёна Берасця 16 чэрвеня прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам публікацыю на сайце „Виртуальный Брест”.

Як паведамляе служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), справу разгледзелі паводле заявы 6-га ўпраўлення (па Берасцейскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Беларусі. Прэтэнзіі тычыліся публікацыі пра затрыманне жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. У якасці ілюстрацыі да тэксту была выкарыстаная фатаграфія затрыманага ў вопратцы з элементамі арнаменту.

Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, апублікаванай на сайце МУС, „выява чырвона-белага арнаменту з устаўкамі левабаковай свастыкі чырвонага колеру выклікае ўстойлівую асацыяцыю з фашысцкай сімволікай і атрыбутыкай у насельніцтва і можа спрыяць фармаванню талерантнасці да нацысцкай сімволікі і прапаганды нацыяналістычных ідэй, што прыводзіць да распальвання сацыяльнай варожасці”. „Таксама сімволіка можа выкарыстоўвацца экстрэмісткі настроенымі грамадзянамі або групамі пры падрыхтоўцы масавых акцый і мерапрыемстваў”, — лічаць ва ўпраўленні.

У сваю чаргу прадстаўнік сайта „Виртуальный Брест” Юлія Кухарчык заявіла ў судзе, што забароненых знакаў на фатаграфіі няма, адзначае БАЖ.

У якасці доказу Кухарчык прывяла пастанову МУС № 340 „Аб устанаўленні пералікаў арганізацый і іншых структур, іх сімволікі і атрыбутыкі” ад 27 снежня 2019 года. У дакуменце сказана, што свастыка — сімвал Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі — уяўляе сабой знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым вуглом.

„Сімвал на арнаменце кашулі, фатаграфія якой з’явілася ў публікацыі, не падпадае пад забароненыя сімвалы, вызначаныя гэтай пастановай. На гэтай кашулі канцы загнутыя ў левы бок. Гэты знак з’яўляецца артэфактам яшчэ дахрысціянскай культуры і ўзнік задоўга да ХХ стагоддзя. У гэтым выпадку знак знаходзіцца ў камбінацыі з узорам, а таму на кашулі не сімвал, а арнамент”, — падкрэсліла Кухарчык.

Яна адзначыла, што сімвал таксама сустракаецца на кіраўскіх ручніках, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, вокладках кніг і іншых прадметах.

Суддзя Анастасія Бразінская задаволіла іск ГУБАЗіК і прызнала інфармацыйную прадукцыю „малюнак чырвона-белага арнаменту з устаўкамі левабаковай свастыкі чырвонага колеру”, размешчаную на сайце „Виртуальный Брест”, экстрэмісцкім матэрыялам. Публікацыя на рэсурсе „Виртуальный Брест” таксама прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам.

belapan.by