Суд прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-канал „Гродна 97%”
Суд Ленінскага раёна Гародні паводле заявы пракурора горада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі „інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала з лагатыпам „Гродна 97%”, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Гарадзенскай вобласці.
„Пракуратура прааналізавала размешчаныя ў тэлеграм-канале „Гродна 97%” інфармацыйныя паведамленні, — гаворыцца на сайце нагляднага органа. — Устаноўлена, што ў іх утрымліваюцца заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці: блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгуначных пуцях, незаконнай забастоўкі, несанкцыянаваных мітынгаў і масавых беспарадкаў, актаў вандалізму, хуліганскіх дзеянняў, а таксама гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.
Адзначаецца, што доступ да тэлеграм-канала „без перашкод і абмежаванняў можа атрымаць любы грамадзянін, які выкарыстоўвае сетку інтэрнэт і месенджар Telegram”. Пры гэтым адміністрацыя канала „не прымала мер па прадухіленні публікацый экстрэмісцкай скіраванасці”, заяўляюць у пракуратуры.
„На падставе патрабаванняў закона Рэспублікі Беларусь „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” пракурор горада падрыхтаваў і накіраваў у суд Ленінскага раёна Гродна заяву аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі тэлеграм-канала з лагатыпам „Гродна 97%” экстрэмісцкімі матэрыяламі. Суд задаволіў заяву пракурора ў поўным аб’ёме і дапусціў неадкладнае выкананне рашэння”, — гаворыцца ў паведамленні.
Копія рашэння суда накіраваная ў Міністэрства інфармацыі „для ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія спрыяюць распаўсюджванню такіх матэрыялаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Раней паведамлялася, што экстрэмісцкімі прызнаныя рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты „Магілёў 97%”, „Бабруйск 97%”, „Асіповічы для жыцця”, „Бульвар Няскораных”, „Віцебск 97%”, „Чат неверагоднага Віцебска”, „Мазыр 97%”, „Гомель Савецкі 97”, „Вадзіцелі 97”, „Рэчыца для Жыцця ЧАТ”, „Брэст: Чуткі і факты”, „Брэст 97%” і іншыя.