Суд прызнаў Вячаслава Сырыцу вінаватым
Суддзя Нясвіжскага раённага суда Дзмітрый Гвозд прызнаў факт крадзяжу 5 літраў дызельнага паліва кіроўцам агракамбіната “Сноў” Вячаславам Сырыцам. Хаця фактычнага доказу крадзяжу не было, гаворыць сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксандр Вайцешык:
– Суддзя прызнаў, што наймальнік правамерна вынес дысцыплінарнае спагнанне, то бок вымову ў дачыненні да Сырыцы за факт крадзяжу, які меў месца. Хоць крадзеж не быў даказаны ні праваахоўнымі органамі, ні судом. Таму лічым прысуд цалкам не аб’ектыўным і абавязкова будзем яго абскарджваць. Ён застаўся чальцом праўлення, ганаровым работнікам агракамбіната. Грошай і даплат, якія даваў калгас, аддаваць яму не трэба.
Амаль год цягнецца справа вакол нібыта крадзяжу 5літраў паліва ганаровым работнікам камбіната, чальцом праўлення Вячаславам Сырыцам. Яго пазбавілі ўсіх гадавых выплат, ганаровага звання, вывелі з чальцоў праўлення. Сырыца сумленна прапрацаваў амаль паўвека ў гаспадарцы. Быў узнагароджаны ордэнам Славы за бездакорную працу. І суд 8 жніўня мінулага года апраўдаў заслужанага работніка. Рашэнне абскарджана не было. Але з гэтым не змірыўся старшыня агракамбіната і чалец Савета Рэспублікі Мікалай Радаман. І справа закруцілася па-новаму.
Беларускае Радыё Рацыя