Суд разгледзеў касацыйную скаргу Юрыя Глебіка



Першая скарга з канвееру адміністрацыйных штрафаў, складзеных Свіслацкім судом супраць грамадзянаў Беларусі, якія прыехалі на традыцыйны Свіслацкі фэст у канцы кастрычніка, разглядалася Гарадзенскім абласным судом.

Разглядаў скаргу суддзя Аляксандар Козел.  Тое, што суд застаецца зброяй у руках сілавых структураў, пераканаўся праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які пабываў на разглядзе:

– Не было яшчэ ніводнага выпадку, каб на падаванне касацыйнай скаргі па штрафах за ўдзел у Свіслацкім фэсце, нехта з абласных суддзяў задаволіў такую касацыйную скаргу. Якія юрыдычная аргументы не складай, якія довады не прыводзь, усё гэта не бярэцца пад увагу.

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч здзіўлены, што разгляд скаргі Юрыя Глебіка прызначаны на досыць позні час для не жыхара Гародні. Бо магчымасць даехаць у дзень суда назад  даволі цяжкая для заяўніка справы. Уласна гэта і стала адной з прычынаў таго, што свіслацкі жыхар Юры Глебік на суд не паехаў.

– Гэта характарызуе ўвогуле стаўленне суда да іншагародніх людзей. Разгляд скаргі Юрыя Глебіка скончыўся а пятай гадзіне. І дабірацца яму познім вечарам зімовай дарогай – гэта непрыемна. Суд не зацікаўлены нават у тым, каб чалавек з’явіўся на разгляд касацыйнай скаргі.

Агулам восем чалавек прыцягнуты адміністрацыйнымі пратаколамі да суда за ўдзел у „Свіслацкім фэсце 2018”. Ужо шасцёра абвінавачаных пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі суддзямі Свіслацкага раённага суда. Праваабаронцы лічаць такія працэсы пераследам беларусаў паводле палітычных і нацыянальных прыкмет.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня