Суд разгледзеў справы ўдзельнікаў акцыі супраць гвалту з боку міліцыі (абноўлена)
Суд Ленінскага раёна Менска 11 лютага разгледзеў адміністрацыйныя справы шасці ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць насілля з боку міліцыі. Акцыя прайшла 30 студзеня каля будынка Вярхоўнага суда.
Паводле інфармацыі праваабарончага рэсурсу spring96.org, прадпрымальнік Аляксандр Макаеў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (10,5 млн. рублёў), такую ж суму павінен выплаціць актывіст „Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі. Дзяніс Красачка аштрафаваны на 20 базавых велічынь (4,2 млн. рублёў), пенсіянерка Ніна Багінская, якая не прыйшла ў суд, — на 25 (5,25 млн.).
На дапрацоўку адпраўленыя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да Наталлі Гарачкі і Святланы Якшынай.
Справы старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова суд разгледзіць 16 лютага.
30 студзеня ля будынка Вярхоўнага суда прайшла акцыя салідарнасці са збітымі ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы грамадскімі актывістамі і карэспандэнтам партала tut.by, а таксама супраць насілля ў дачыненні да грамадзян з боку супрацоўнікаў міліцыі. У акцыі ўдзельнічала каля 15 чалавек.