Суд разгледзіць апеляцыйныя скаргі блогераў Кабанава і Пятрухіна  



Ужо заўтра, 8 ліпеня, у Магілёўскім абласным судзе пачнецца разгляд апеляцыйнай скаргі берасцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна.

Абскарджваецца прысуд суда Кастрычніцкага раёна, – распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Мы ж бачым, што ў нас справы палітычныя ў краіне. І ўсе гэтыя справы, і ўсе гэтыя суды сведчаць пра тое, што ў краіне рэалізуецца палітыка дзяржаўнага тэрарызму. Тэрарызуюць усё насельніцтва. Пачалі з тых, хто найбольш небяспечны для ўладаў – з блогераў. Які вынік суда будзе? Я думаю, што пакінуць без зменаў, як заўжды.

Раней блогеры былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, і ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Грамадскія актывісты пакараныя трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя