Суд разгледзіць справу фермера Аляксандра Бяльчука
27 студзеня ў Маларыцкім раённым судзе адбудзецца разгляд справы фермера Аляксандра Бяльчука, які за спробу абароны свайго брата Мікалая ад затрымання невядомымі (як высветлілася пазьней – супрацоўнікамі АМАПу) быў змешчаны пад варту.
Пра гэта паведамляюць берасцейскія праваабаронцы, якія збіраюцца наведаць працэс. Перад затрыманнем, якое адбылося ў будынку Следчага камітэта, Аляксандр знаходзіўся ў Маларыцкім шпіталі з раненнем, атрыманым, па ягоных словах, у выніку страляніны з боку невядомых:
– Я стаяў на ўзбочыне, а ён з аўтамабіля страляў з пісталета. Гэта быў высокі мужчына ў цёмным адзенні.
РР: Будзеце спрабаваць дабіцца праўды?
– Я напісаў заяву, прыходзіў следчы. А што з гэтага будзе? Мы ж ведаем, у якой краіне жывём.
У выніку ўсёй „трактарнай гісторыі” Мікалай Бяльчук ужо адбыў два месяцы арышта, прычым падчас яго ён трымаў галадоўку. Якое пакаранне чакае Аляксандра, які знаходзіцца пад вартай з 21 кастрычніка 2016 года, стане вядома па сканчэнні працэса, пачатак якога запланаваны на 10 гадзіну.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце-Маларыта