Суд са штрафам і грамадскімі пратэстамі
У судзе Чыгуначнага раёну за так званае кармленне галубоў быў аштрафаваны актывіст “Краіны для жыцця” Аляксей Саламаненка.
На пачатку працэсу ён папрасіў суддзю Алену Цыганкову дакументальна пацвердзіць свае паўнамоцтвы – паказаць службовае пасведчанне. Яна зрабіла выгляд, што не пачула, а ў залі нехта засмяяўся. Суддзя загадала загадала ўсім прысутным выйсці. Калі ж людзі не паслухаліся і моўчкі засталіся на сваіх месцах, то спачатку разгубілася, пачала крычаць і ўрэшце выклікала ахову.
Прысутны на судзе Алег Баразна каментуе сітуацыю, у якую давялося трапіць:
– Нервовая нейкая суддзя, неадэкватна сёння сябе паводзіла, на мой погляд.Можа, нехта там хіхікнуў адзін раз, а яна вырашыла выдаліць усіх. Хіба гэта нармальна? Хацела выдаліць нас з міліцыяй, але міліцыя гэтым разам, як мне падалося, была на баку народа. Прынамсі, адной нагой дык ужо дакладна!
Прысутныя на судзе выклікалі міліцыю і напісалі заявы на неправавыя дзеянні суддзі. Праваабаронца Павел Левінаў паскардзіўся на Алену Цыганкову старшыні суду. Урэшце разгляд адміністрацыйнай справы прайшоў за закрытымі дзвярыма: пакулькі прысутныя не крануліся з месца, суддзя сама перайшла ў іншую залу. Уваход туды перакрылі міліцыянты, і Аляксей Саламаненка адмовіўся ісці на суд адзін. Пастанову вынеслі без яго: Алена Цыганкова прызнала актывіста парушальнікам артыкула 23.34 КоАП і прысудзіла штраф памерам 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Аляксей Саламаненка лічыць пакаранне несправядлівым:
– Гэта несправядліва, гэта нонсэнс увогуле судзіць за кармленне галубоў. Абсурдная сітуацыя! Але менавіта тут пачынае фармавацца беларуская грамадская супольнасць. Улада баіцца простых людзей. Рашэнне было вынесена без мяне, без майго ўдзелу, і я буду абскарджваць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Гэта ўжо не першы штраф, вынесены ўдзельнікам акцыі грамадскай салідарнасці, якая прайшла 3-га траўня ў Віцебску. Суды за кармленне гарадскіх птушак чакаюцца і на наступным тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск