Суд скасаваў адміністрацыйную справу супраць журналіста
У судзе Першамайскага раёна разбіралі справу, распачатую міліцыянтамі паводле падзеяў 9-га жніўня. Незалежны журналіст Зміцер Казакевіч, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, быў затрыманы падчас працы, яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання і пакаралі арыштам на 10 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Журналіст выйшаў на волю датэрмінова, 14-га жніўня, калі затрыманых адпускалі з-за кратаў па ўсёй краіне. І праз некалькі дзён Зміцер Казакевіч аспрэчыў пакаранне арыштам: віцебскі абласны суд накіраваў ягоную справу на новы разгляд.
Суддзя Вераніка Барысава прыняла да ўвагі паказанні сведак – калег-журналістаў, якія паказалі, што Зміцер Казакевіч выконваў свае прафесійныя абавязкі, а не крычаў “Жыве Беларусь” і не пляскаў у ладкі. Суддзя скасавала ягоную справу праз тое, што не знайшлося доказаў ягонай вінаватасці. На думку Змітра Казакевіча, гэты выпадак можна расцэньваць як перамогу ў стаўленні да незалежных журналістаў:
– Я думаю, што гэта прэцэдэнт не толькі для Віцебска, а можа, у нейкай ступені і для ўсёй Беларусі. Між тым праваабаронцы кажуць, што было б больш правільна скасаваць маю справу не праз адсутнасць доказаў, а праз адсутнасць складу правапарушэння. Гэтая справа не тое што белымі ніткамі шытая – яе проста не было.
На думку праваабаронцы Паўла Левінава, справа журналіста стала паказальнай яшчэ й таму, што выкрыла неахайнасць працы міліцыянтаў, якія складалі дакументы на затрыманых 9-га жніўня. Чалавек, які нібыта затрымліваў Змітра Казакевіча, а потым складаў на яго рапарт, адмовіўся пацвердзіць, што рабіў гэта, падкрэслівае праваабаронца:
– Вайсковец патлумачыў, што ён нікога не затрымліваў, што рапарт не друкаваў і подпіс там не ягоны. Увогуле гэта фальсіфікацыя дакументаў! Але ж адзін чалавек тут у нас сказаў, што законы, калі яму гэта трэба, можна не выконваць…І гэтая справа якраз і паказвае тыя фальсіфікацыі, якія робяць супрацоўнікі ўнутраных справаў.
Суддзя Вераніка Барысава ад імя Першамайскага райсуду публічна выбачылася перад журналістам. Але, на думку праваабаронцаў, справу варта было скасаваць не праз адсутнасць доказаў вінаватасці, а праз адсутнасць складу правапарушэння.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск