Суд скасаваў дзве справы супраць жанчын, затрыманых у лесе пад Віцебскам



У судзе Першамайскага раёну разбіралі адміністрацыйныя справы Таццяны Севярынец і Алены Касновай, якіх міліцыянты абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікета ў Шпілёўскім лесе.

Суддзя Вераніка Барысава скасавала справы, бо не ўбачыла доказаў правапарушэння. Вінаватасць 6-ці жанчын, якія практыкаваліся ў скандынаўскай хадзе, міліцыянты спрабавалі давесці, абапіраючыся на ананімны тэлефонны званок, распавяла Таццяна Севярынец.

 – Нехта ім сказаў, што нейкія жанчыны вешаюць стужкі ў лесе, нешта там замышляюць нядобрае… На падставе гэтага званка быў складзены рапарт. А, дык там Севярынец спаміж гэтых жанчын, а яна ж апазіцыянерка. Гэта іх хворая фантазія: як там Севярынец, значыць, яна абавязкова будзе махаць сцягам.

Міліцыянтаў суддзя апытвала праз Viber – у суд яны палічылі за лепшае не з’яўляцца. Высветлілася, што няма ніводнага сведкі нейкай несанкцыянаванай акцыі. І што не захавалася нават ананімнага  тэлефанавання, бо сістэма гуказапісу ў Першамайскім РАУС зламалася акурат раніцай 13-га студзеня…

Атрымліваецца, што жанчын беспадстаўна трымалі пад вартай і без ежы – спачатку амаль 8 гадзін у пастарунку, а потым ноч у ізалятары часовага ўтрымання, кажа Алена Каснова:

 – Справу скасавалі, так. Праз адсутнасць доказаў. Але мусілі б – праз адсутнасць складу правапарушэння, бо мы ні ў чым не вінаватыя. Міліцыянты ўзялі ўсё з галавы, справу з пальца высмакталі, і вельмі крыўдна, што праз гэта нам давялося адсядзець суткі – праз іхны непрафесіяналізм.

Праваабаронца Павел Левінаў раіць жанчынам звярнуцца ў суд – запатрабаваць ад міліцыі кампенсацыі маральнага і матэрыяльнага ўрону. Тым болей, што адна з затрыманых, 67-гадовая Тамара Ільіна, знаходзіцца ў кардыялагічным шпіталі : 13-га студзеня яе з пастарунку забрала хуткая дапамога. Яшчэ траіх жанчын за пікет у лесе, якога не было, будуць судзіць 20-га студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёну.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя