Суд спыніў адміністрацыйную справу Аляксандра Меха



Суд Кобрыньскага раёна 16 жніўня разгледзеў матэрыялы справы мясцовага грамадскага актывіста Аляксандра Меха па арт. 23.4 КоАП і прыняў рашэнне спыніць яе з-за недаказанасці віны.

„Супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі на судовым пасяджэнні, казалі, што перад затрыманнем яны паказалі ордар на вобшук у кватэры сына маіх сяброў. Сведкі з майго боку заявілі: такі дакумент прывезлі праз тры з паловай гадзіны пасля затрымання. — Нічога не кажучы, некалькі чалавек у масках схапілі мяне, пачалі душыць, кінулі на падлогу ў пад’ездзе і надзелі наручнікі. Калі б я і хацеў не падпарадкавацца, то не змог бы гэтага зрабіць. А ў раённым аддзеле міліцыі, куды мяне даставілі, я некалькі гадзін сядзеў у наручніках і з накінутай на галаву коўдрай”.

Рашэннем суда Мех задаволены. „Але я хачу разабрацца, хто даў загад на правядзенне такой спецаперацыі. У мяне лопнулі сасуды ў воку, сінякі на шыі і сінякі на руках”, — заявіў актывіст.

Меха затрымалі ў Кобрыне 15 жніўня каля 10.00 у пад’ездзе дома, дзе жыве сын яго знаёмых. Туды Мех прыходзіў па іх просьбе, каб дапамагчы памяняць замок ва ўваходных дзвярах кватэры. Ён быў затрыманы і дастаўлены ў Кобрынскі РАУС. Затым актывіста вазілі на медыцынскі агляд, які паказаў, што ён не ўжываў алкаголь і наркотыкі. Пасля быў складзены пратакол, што Мех не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі.

Каля 17.30 актывіста прывезлі ў суд Кобрыньскага раёна, дзе ён заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні адваката. Суд задаволіў хадайніцтва, Меха адпусцілі. Пасяджэнне суда адбылося на наступны дзень.

На думку Аляксандра Меха, такімі дзеяннямі ўлады хочуць запалохаць актывістаў дэмсіл, каб не дапусціць акцый супраць вучэнняў „Захад-2017”, якія павінны прайсці ў верасні на тэрыторыі Беларусі.

belapan.com