Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прысудзіў Ларысе Шчыраковай 20 базавых (абноўлена)



На 3 мільёны беларускіх рублёў аштрафаваная гомельская журналістка Ларыса Шчыракова за саўдзел у вырабе незаконнай інфармацыйна прадукцыі. Суддзя Цэнтральнага райсуда Гомеля Віктар Казачок праігнараваў усе аргументы журналісткі. Паводле Ларысы Шчыраковай, яе асобу выбралі ў якасці ахвяры для публічнага лупцавання.

– Гэта зараз трэнд такі, проста выбралі з Гомеля чалавека для публічнага лупцавання. З вельмі дакладным мэсэджам: вы не павінны асвятляць крызісныя з’явы, вы не павінны казаць пра балючыя сацыяльныя праблемы, калі вы будзеце гэта рабіць, то мы будзем вас караць, будзем цягаць вас па судах, мы будзем цягаць вас па міліцыі. І таму падумайце.

Юрыст „Беларускай асацыяцыі журналістаў” Леанід Судаленка не быў дапушчаны да абароны інтарэсаў Ларысы Шчыраковай у судзе.

– Суддзя спаслаўся на нормы адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу. Насамрэч гэты кодэкс утрымлівае такую норму, што толькі адвакат можа быць абаронцам у адміністацыйнам працэсе, але мы кажам пра Канстытуцыю, мы кажам пра артыкул 14-ы міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія маюць большую юрыдычную сілу ў адносінах да нацыянальнага заканадаўства. Калі спатрэбіцца, пасля праходжання ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны, мы пойдзе да Камітэта ААН па правах чалавека.

Журналіст-фрылансер Ларыса Шчыракова атрымала штраф за сюжэт аб павелічэнні падаткаў для прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Гомеля, які выходзіў на тэлеканале „Белсат”. Цягам гэтага тыдня на журналістку завялі дзве дадатковыя адміністрацыйныя справы за відэаматэрыялы з горада Рэчыца.

* * *

Дваццаць базавых велічыняў атрымала Ларыса Шчыракова, незалежная журналістка з Гомеля. Яе абвінавачвалі ў вырабе і распаўсюдзе незаконнай інфармацыйнай прадукцыі.

З падрабязнасцямі наш гомельскі карэспандэнт:

– Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок адхіліў фактычна ўсе хадайніцтвы журналісткі, гэта просьбы аб вядзенні працэсу на беларускай мове, просьба аб прадастаўленні яе інтарэсаў з боку юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Леаніда Судаленкі, а таксама журналістка прасіла выклікаць службовую асобу, якая склала пратакол, гэта падпалкоўнік міліцыі Панін. Сутнасць працэсу зключалася ў тым, што Ларыса Шчыракова ў студзені здымала сюжэт пра прадпрымальнікаў з Цэнтральнага рынку Гомеля, якім у чарговы раз узнялі падатак у памеры 20%. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Віктар Казачок, заслухаўшы ўсе тлумачэнні Ларысы Шчыраковай, усё роўна палічыў яе вінаватай, вынес штаф, які можа быць абскарджаны цягам месяца.

Беларускае Радыё Рацыя