Суд у Баранавічах за пікет у Слоніме
13 траўня ў Баранавіцкім судзе будзе разгледжана адміністрацыйная справа актывіста прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, інваліда 3 групы з Баранавіч Аляксандра Шведа за ўдзел у пікеце ў горадзе Слоніме ля прахадной камвольнага камбіната.
Пратакол складзены ў яго адсутнасць. Доказам удзелу служыць здымак з відэакамеры.
Самае цікавае, што Шведу прапанавалі падпісаць распіску, дзе сказана, што суд можа быць праведзены ў яго адсутнасць. Гэта вельмі абурыла Аляксандра Шведа:
— Яны напісалі: у выпадку маёй няяўкі прашу разгледзець справу ў маю адсутнасць, а цяпер я жартую: У выпадку маёй адсутнасці прашу расстраляць мяне без мяне. Цяпер непатрэбная прысутнасць чалавека ў судзе, а толькі паперы, складзеныя дзе заўгодна, без сведак. Яны перадаюцца ў суд, і там, як па канвееры, чалавека асуджаюць.
Актывісты прафсаюзу РЭП правялі 31 сакавіка пікет у падтрымку свайго актывіста Міхаіла Сошка ў Слоніме. Слесару 6-га разраду са «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» Міхаілу Сошку працадаўца не працягнуў кантракт. Міхаіл адпрацаваў на фабрыцы 30 год. Згодна з калектыўнаю дамоваю на прадпрыемстве яму павінны былі працягнуць кантракт да дасягнення пенсійнага ўзросту.
Беларускае Радыё Рацыя