Суд у Берасці аштрафаваў Аляксандра Абляка на 25 базавых велічынь



Праціўнік акумулятарнага завода Аляксандр Абляк аштрафаваны за ўдзел у шэсці 14 красавіка ў цэнтры Берасця.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 30 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Абляка вінаватым па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і прызначыў яму штраф у 25 базавых велічынь (637,5 рубля).

Кісляк нагадаў, што 14 красавіка на плошчы Леніна ў Брэсце сабралася каля 200 праціўнікаў акумулятарнага завода. Пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі на плошчы блогера Аляксандра Кабанава і аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода Дзмітрыя Бекалюка, Абляк у мегафон абвясціў, што гэта мірная акцыя і на яе людзей вымусілі ўлады, якія не чуюць іх думку супраць будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода. Пасля сустрэчы на плошчы Абляк прайшоў на чале калоны праціўнікаў завода па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай. Па дарозе яны скандавалі „Не заводу!”.

Калі калона падышла да скрыжавання вуліцы Савецкай з праспектам Машэрава, некалькі супрацоўнікаў АМАПа схапілі Абляка, пасадзілі яго ў машыну і павезлі.

Кісляк адзначыў, што 15, 24, 25, 26 і 29 красавіка гэтым жа судом па арт. 23.34 КоАП былі аштрафаваныя 15 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, чацвёра — за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

„Актывістаў аштрафавалі за мірнае выказванне пратэсту. Улады лічаць, што яны на законных падставах пераследуюць удзельнікаў пратэстаў. У рэчаіснасці гэта парушэнне асноўных правоў і свабод чалавека, якія замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дагаворах”, — заявіў Кісляк.

Нагадаем, 12 і 14 красавіка ў Брэсце былі затрыманыя і змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання 16 праціўнікаў акумулятарнага завода, у іх ліку праваабаронца Уладзімір Вялічкін. У ноч на 14 красавіка з ІЧУ вызвалілі Кацярыну Басаргіну, у якой захварэла маленькае дзіця.

15 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста разглядаў справы 15 актывістаў у актавай зале Ленінскага РАУС фактычна на закрытым судовым пасяджэнні. Ні праваабаронцаў, ні тых, хто прыйшоў падтрымаць затрыманых, у тым ліку іх сваякоў, на працэс не пусцілі.

Двух актывістаў аштрафавалі, астатнія заявілі хадайніцтвы аб азнаямленні з матэрыяламі іх спраў і прадастаўленні адвакатаў. Суддзя задаволіў хадайніцтвы і прызначыў наступныя пасяджэнні на іншыя дні красавіка. Актывістаў вызвалілі з-пад варты.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў у прынятай заяве выступіла супраць судовага пераследу Вялічкіна, а таксама групы экалагічных актывістаў, якія былі затрыманыя 12 і 14 красавіка ў рамках пратэстаў супраць акумулятарнага завода.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Яго плануюць запусціць у маі. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

belapan.by