Суд у Берасці аштрафаваў праціўніка акумулятарнага завода
Суд Берасцейскага раёна 14 кастрычніка разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы ў дачыненні да праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанціна Астапука.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, суд прызнаў Астапука вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года) і аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (765 рублёў).
Паводле слоў праваабаронцы, раніцай 15 жніўня група праціўнікаў акумулятарнага завода прыйшла да прахадной прадпрыемства. Астапук павітаў аднаго з актывістаў словамі: «Не заводу АКБ». Міліцыя і суд палічылі гэта несанкцыянаваным пікетаваннем.
«Гэта нейкі прававы тупізм. Улады выходзяць за межы цвярозага розуму ў пераследаванні свабоды выказвання меркавання. Астапук будзе абскарджваць у абласны суд гэтую пастанову раённага суда», – паведаміў Кісляк.
Ён нагадаў, што актывіста аштрафавалі не ўпершыню. 30 верасня 2018 года Астапук прыйшоў на плошчу Леніна ў Берасці, дзе ў гэты дзень сабраліся больш за 90 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, у вопратцы з налепкай супраць прадпрыемства. Астапука затрымалі, калі ён сыходзіў з плошчы. Суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 14 базавых велічынь (343 рублі). Праз некалькі дзён гэты ж суд аштрафаваў Астапука на тры базавыя велічыні (73,5 рубля) за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання.
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 237 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», на які прыйшлі прыблізна дзве тысячы чалавек.
З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідаў у паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.
Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожнае нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.