Суд у Бярозе не задаволіў скаргу Берасцейскай абласной рады партыі БНФ



 Старшыня Бярозаўскага раённага суда Наталля Вакульчык і суддзя Алена Нямкова не задаволілі скаргі Берасцейскай абласной рады партыі БНФ аб неўключэнні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Тамары Шчапёткінай і Анатоля Бяленка, накіраваных ад партыі БНФ.

Старшыня Берасцейскай абласной рады партыі БНФ Зміцер Шыманскі прасіў суд прызнаць іхняе неўключэнне незаконным і неабгрунтаваным, адмяніць рашэнне райвыканкама адносна стварэння камісій №9 і 11 і абавязаць Бярозаўскі райвыканкам прыняць новае рашэнне.  Але суд не ўбачыў парушэнняў у рашэнні райвыканкама, кажа доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржук Русецкі:

– Суд, даволі прагназавана адмовіў, паколькі Выбарчы кодэкс не вызначае крытэрыяў, па якіх павінны адбірацца сябры ўчастковых выбарчых камісіяў. Гэтых жа канкрэтных крытэрыяў не вызначае і пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі, што дало магчымасць любому выканкаму фармаваць любыя выбарчыя камісіі на свой погляд.

Чальцы райвыканкама, прысутныя на паседжанні, па свайму асабістаму меркаванню ацэньвалі дзелавыя якасці вылучаных для ўключэння ў камісіі, гаворыць галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзела Бярозаўскага райвыканкама Андрэй Бяласік:

– Кіраваліся пастановай ЦІК ад 8 траўня 2020 года, у якой гаворыцца пра тое, што павінны быць ацэнены асабістыя і прафесійныя якасці, гэтая пастанова была ўжыта пры разглядзе заяваў. Чальцы райвыканкама на аснове ўнутранага пераканання прымалі рашэнні.

Рашэнне суда немагчыма абскардзіць паводле Выбарчага кодэкса, што супярэчыць арт.115 Канстытуцыі і арт. 317 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя