Суд у Гародні спыніў справу вакаліста „Дзецюкоў”



Справу гарадзенскага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні спынілі.

Кажа Алесь Дзянісаў:

– Падалося, што Дзяніс Сяргеевіч Раманішка, будзем спадзявацца, – гэта адзін з будучых кіраўнікоў беларускіх судоў. Таму што ў такі даволі цяжкі час прымаць рашэнне ў дачыненні такіх грамадзян як я, канешне, гэта складана. З аднаго боку. З другога боку, канешне, можна сказаць, што ўся гэтая справа шытая белымі ніткамі, таму што гэта проста смешна. Мне было не да смеху, але нават я пачаў усміхацца, калі прачытаў гэты пратакол. Гэта проста нейкае трызненне. Чалавек едзе на ровары, сярод белага дня, лаецца матам і потым яшчэ ломіцца ў вайсковую частку.

Адвакатка Святлана Бярылава вельмі ўсцешана гэтым прысудам:

– Я спадзяюся, што тая пастанова, якая была вынесена сёння судом па адміністрацыйнай справе ў адносінах Дзянісава Аляксандра Міхайлавіча, гэта будзе яшчэ адно чарговае нагадванне пра тое, што дзейнасць праваахоўных органаў, у тым ліку і ў рамках адміністрацыйнага працэсу, ацэньваецца не толькі грамадскай думкай, якую можна да пэўнага моманту ігнараваць, але яшчэ сумленным, незалежным, кампетэнтным судом.

Падтрымаць журналіста і музыку прыйшло некалькі дзясяткаў гарадзенцаў, сябры журналісты, а таксама актывісты розных партый і арганізацый.  

Беларускае Радыё Рацыя 

Фота Сяргея Апановіча