Суд у Гомелі аштрафаваў галоўнага рэдактара „Сильных Новостей” Ганну Якштас



6 кастрычніка суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Аліна Кошкіна прызнала галоўнага рэдактара партала „Сильные Новости” Ганну Якштас вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным маршы і аштрафавала на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

У Ганны двое непаўналетніх дзяцей. 5 кастрычніка яе мужа Дзяніса Якштаса суд пакараў арыштам на 15 сутак. Дзяніс таксама супрацоўнік „Сильных Новостей”. Муж і жонка былі затрыманыя 3 кастрычніка і час да суда правялі ў ІЧУ.

На судзе зачыталі пратакол міліцыі, дзе пазначана, што Ганна Якштас „выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста, выкарыстоўваючы камізэльку „прэса” і бэйдж, узяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным маршы”. Ганна на судзе растлумачыла, што на акцыі была як журналістка, здымала фота і відэа.

Дагэтуль у ІЧУ знаходзіцца журналістка партала Надзея Пужынская, якую затрымалі 4 кастрычніка.

5 кастрычніка ў рэдакцыі „Сильных Новостей” прайшоў „агляд”, падчас якога міліцыя канфіскавала ўсю тэхніку і асабістыя тэлефоны супрацоўнікаў.

„Сильные Новости” — найбольш папулярны партал навін у Гомельскай вобласці.

belapan.by

Фота svaboda.org