Суд у Гомелі прыгаварыў былога міліцыянта да пазбаўлення волі
10 верасня суд Цэнтральнага раёна Гомеля абвясціў прыгавор былому супрацоўніку міліцыі Багдану Масцічу. Яго абвінавацілі ў хуліганстве (арт. 339 КК), перавышэнні ўлады (арт. 426 КК), бяздзейнасці службовай асобы (арт. 425 КК) і знішчэнні дакументаў (арт. 377 КК).
Па ўсіх злачынствах Масціч прызнаны вінаватым. Суддзя Алеся Осіпава вызначыла яму пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Такое ж пакаранне патрабавала пракуратура.
Прысуд абвешчаны ў 27-мы дзень нараджэння абвінавачанага. Былы міліцыянер сустрэў яго апладысментамі. Рашэнне суда не ўвайшло ў законную сілу, можа быць абскарджана альбо апратэставана.
Хуліганства, згодна з версіяй следства і суда, заключалася ў тым, што міліцыянер пасварыўся з таксістам і ўдарыў яго. Бяздзейнасць службовай асобы інкрымінуецца яму за тое, што ён не прыняў рашэнне па праверцы, дакументы якой захоўваў дома. Яшчэ адзін эпізод абвінавачання — Масціч пры вобыску ў дырэктара прыватнай фірмы выкраў дакумент, за вяртанне якога пасля прасіў узнагароджанне. Былы міліцыянер цалкам адмаўляў віну.
Бацькі былога міліцыянера расказалі журналістам, што ў сына быў канфлікт з кіраўніцтвам Цэнтральнага РАУС. „Яго ў верасні мінулага года вымусілі звольніцца. Ён пісаў міністру ўнутраных спраў, хадзіў па судах, спрабаваў аднавіцца на працы. Але ў выніку на яго распачалі крымінальныя справы”, — растлумачылі яны.
У апошнім слове былы міліцыянер заявіў, што „праваахоўная сістэма не тое што прагніла, а не мае аўтарытэту ў грамадзян”. „У нашай дзяржаве кожнае правапарушэнне з боку супрацоўніка міліцыі, дысцыплінарнае парушэнне трактуецца як карупцыя. Я трапіў у СІЗА, бо занадта любіў сваю працу, быў фанатыкам. Усё абвінавачанне пабудаванае на здагадках, на словах „магчыма”, „верагодна”, „можа быць”. Так, я здзейсніў дысцыплінарны ўчынак — што да дакументаў, так, я здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне — што да канфлікту з таксістам, які быў уладжаны адразу ж, але я не здзяйсняў злачынстваў”, — сказаў ён.
Паводле слоў Масціча, ён мае кампрамат на высокапастаўленых чыноўнікаў, і менавіта гэта паслужыла матывам крымінальнага пераследу. „Мне казалі падчас следства: „Аддай дзве папкі! „Праз гэтыя дзве папкі я тут і сяджу. Але я іх не аддам. І афішаваць іх не буду. Лепш я іх спалю”, — заявіў ён, выступаючы з апошнім словам.
belapan.by