Суд у Гомелі прыгаварыў чатырох давераных асоб Ціханоўскай да вялікіх тэрмінаў зняволення



Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 4 траўня вынес прысуды чатыром давераным асобам экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Рашэнне абвясціў суддзя Аляксей Хлышчанкаў.

Юрый Уласаў асуджаны на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін — на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таццяна Канеўская пакараная шасцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Іх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК) і планах захопу 13 адміністрацыйных будынкаў у Гомелі (арт. 292 КК), у тым ліку абласнога і гарадскога камітэтаў, адміністрацый раёнаў і РАУС.

Доказам віны паслужыў схаваны відэазапіс з сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Менску 5 жніўня. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей падчас выбараў 9 жніўня і пасля іх.

Пракурор Дзяніс Мікушаў палічыў, што віна ўсіх чатырох падсудных даказаная ў поўным аб’ёме, і папрасіў прыгаварыць Юрыя Уласава да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі, астатніх — да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, Уласаў у сувязі з асобным эпізодам у яго справе (канфлікт з міліцыяй у 2019 годзе) павінен будзе выплаціць кампенсацыю „маральнай шкоды” шасці пацярпелым міліцыянерам (кожнаму — па 2,5 тыс. рублёў). Ён прызнаны вінаватым у „публічнай абразе прадстаўніка ўлады”. Варта адзначыць, што Уласаў ужо панёс адміністрацыйнае пакаранне за гэтае правапарушэнне.

У сваіх выступленнях адвакаты заявілі, што канкрэтных доказаў віны іх падабаронных няма, абвінавачанне грунтуецца на здагадках, агульных фразах і відэазапісе, які паказаў толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы з Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей.

Адвакаты паказалі на адсутнасць доказаў абвінавачвання ў тым, што падсудныя „спрабавалі завербаваць былых сілавікоў” і „планавалі захоп адміністрацыйных будынкаў”.

У сваім апошнім слове Таццяна Канеўская падзякавала ўсім, хто пісаў ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала прыблізна тысячу лістоў. Яна сказала, што яе дзеянні не складалі злачынства, ніхто не планаваў захопліваць будынкі, яе справа палітычна матываваная і не пацверджаная доказамі.

Астатнія падсудныя таксама не прызналі віну і засведчылі, што ў перыяд перадвыбарнай кампаніі дзейнічалі выключна згодна з заканадаўствам.

Дзмітрый Івашкоў у апошнім слове заявіў, што яго прэзідэнт — Святлана Ціханоўская, а скончыў сваю прамову воклічам „Жыве Беларусь!”.

belapan.by