Суд вярнуў на дапрацоўку пратакол па справе Пальчыса



Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) у дачыненні да блогера, рэдактара грамадска-палітычнага рэсурсу 1863x.com Эдуарда Пальчыса адпраўлены ў міліцыю на дапрацоўку. Такое рашэнне прыняла 13 сакавіка суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Ала Скуратовіч.

Блогера павінны былі судзіць за ўдзел у кампаніі збору подпісаў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі.

Сам Пальчыс у суд сёння не прыйшоў.

Збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства адукацыі і Савет міністраў Беларусі пачаўся 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Падпісанты запатрабавалі ад уладаў распрацаваць праграму адраджэння беларускай мовы ў сферы адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт.

Кампанія праводзілася ў Менску і іншых гарадах краіны, падпісацца ў падтрымку беларускай мовы можна было на інтэрнэт-платформе petitions.by. За тыдзень толькі ў Менску было сабрана 2.188 подпісаў, электронную петыцыю падтрымалі 500 чалавек. 27 лютага адзін з арганізатараў акцыі Зміцер Дашкевіч занёс зварот і сабраныя подпісы ў Мінадукацыі. Прыкладна ў гэты ж час актывістаў, якія збіралі подпісы, пачалі выклікаць у міліцыю для дачы тлумачэнняў.

Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні таксама былі складзеныя ў дачыненні да старшыні „Моладзі БНФ” Ганны Смілевіч, актывістаў арганізацыі Дзяніса Мандзіка і Аляксандры Патапавай.

belapan.com