Суд вярнуў справу Генадзя Барбарыча на дапрацоўку (абноўлена)
У судзе Партызанскага раёна беларускай сталіцы разглядалі адміністрацыйны пратакол журналіста-фрылансера Генадзя Барбарыча.
Артыкул 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса „за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ”.
Журналіста судзяць за артыкул на сайце Беларускага Радыё Рацыя.
Паводле Генадзя Барбарыча міліцыянты, якія складалі пратакол, зрабілі шмат памылак:
– У пратаколе былі нестыкоўкі – няпраўда. У пратаколе напісана, што я разам з аператарам Ляўчуком зняў сюжэт, які потым быў размешчаны на сайце Радыё Рацыя. Ніякага відэасюжэта на сайце Радыё Рацыя няма, там ёсць толькі фотаздымак пад зацемкай. Супрацоўнікі міліцыі мяне не выклікалі, хаця ў матэрыялах справы было тлумачэнне, што быццам бы міліцыянты прыязджалі да мяне дахаты менавіта з-за таго, што там шмат памылак, каб разабрацца.
Штораз часцей судзяць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з Беларускім Радыё Рацыя, кажа праграмны дырэктар Юры Ляшчынскі. Адна з нашых задач – падтрымаць іх:
– Маральна і таксама па меры магчымасці матэрыяльна трэба будзе дапамагчы. Дапамагаем нашым журналістам. Рабілі, робім і далей будзем рабіць гэта – інфармаваць. Мы робім штомесячныя рапарты для Міністэрства замежных спраў Польшчы. У гэтых рапартах пазначаем і надалей будзем пазначаць, як цяжка працаваць і каго з журналістаў аштрафавалі.
У Берасці таксама разглядалі касацыйную скаргу журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя. Суддзя Руслана Сянько пакінула без зменаў рашэнне суда Ленінскага раёна Берасця – штраф у 25 б. в. „за працу без акрэдытацыі”.
Суд Партызанскага раёна Менска вярнуў справу аб адміністрацыйным парушэнні журналіста Генадзя Барбарыча – за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, у РУУС Партызанскага раёна для выпраўлення недахопаў.
Гэтую пастанову вынесла суддзя Наталля Дзядкова:
– Суд Партызанскага раёна, разгледзеўшы справу пра адміністрацыйнае правапарушэнне ў адносінах да Барбарыча Генадзя Васільевіча ў здзяйсненні правапарушэння прадугледжанага ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў Рэспублікі Беларусь, пастанавіў адміністрацыйную справу ў адносінах да Барбарычы па ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў вярнуць начальніку УУС адміністрацыі Партызанскага раёна для ліквідацыі недахопаў.
Таксама з гэтай жа нагоды ў РУУС Партызанскага раёна вярнулі справу тэлеаператара Сяргея Краўчука, якая адначасова разглядалася ў гэтым судзе.
У пратаколах былі памылкі і недакладнасці. Пасля іх выпраўлення справы будуць зноў накіраваныя ў суд.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя