Суд за абразу даішніка Вольніча завяршыўся трымя гадамі „хатняй хіміі”



Суд Жлобінскага раёна разгледзеў 9 верасня крымінальную справу па абвінавачванні Арцёма Барашка ў абразе службовай асобы (арт. 369 КК РБ).

Справу разглядаў суддзя Ігар Змушко, дзяржабвінаваўца – Сямён Фядорчанка.

Пацярпелы – супрацоўнік ДАІ з Ганцавіч Ігар Вольніч.

Спачатку ў Арцёма правялі ператрус, канфіскавалі тэлефон, а крымінальная справа была заведзеная ў сярэдзіне чэрвені.

Па матэрыялах следства, Барашка ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” з дапамогай мабільнага тэлефона змясціў пад фота каментар абразлівага зместу: “п…р”. На фотаздымку, які ў свой час нарабіў шмат шуму ў інтэрнэце, пацярпелы душыць каленам аднаго з пратэстоўцаў ў раёне шыі.

Дарэчы, гэта далёка не першы зварот у суд сумнавядомага даішніка Вольніча.

Арцёму Барашка – 37 год. Ён працуе ў адным з лакаматыўных дэпо машыністам поезда на  Беларускай чыгунцы, характарызуецца станоўча.

У якасці сведкі выступіла былая жонка абвінавачанага Святлана. Паведаміла, што даведалася аб учынку Арцёма толькі ад супрацоўнікаў міліцыі. Пра ягоныя намеры не ведала. Характарызуе яго станоўча, кажа што прымае ўдзел у выхаванні дзяцей.

Абвінавачаны Барашка прызнаў сваю віну ў здзейсненым. У судзе паведаміў, што каментарыяў пад здымкам было шмат, але ён не лічыў іх.

Пацярпелы даваў суду тлумачэнні і адказваў на пытанні праз Скайп.

Пасля хуткага судовага разбіральніцтва суддзя Ігар Змушко вынес прысуд: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”) і 1 500 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

spring96.org