Суд за ўдзел у акцыі за незалежнасць Беларусі – і ў Дуброўне



Жыхарку райцэнтра Дуброўна Віцебскай вобласці Наталлю Стрэльчанку  пакаралі штрафам памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў). Працэс над актывісткай вяла старшыня  Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская. Яна прызнала Наталлю Стрэльчанку вінаватай парушэнні часткі 1 артыкула 23.34 КоАП – за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая праходзіла ў Менску 20 снежня 2019 году.

На Аршаншчыне пакуль што ўсяго двое чалавек пакараныя з пратэстныя акцыі – гэта Наталля Стрэльчанка і відэаблогер Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот), кажа кіраўнік мясцовага грамадскага аб’яднання “Звяз” Ігар Казмярчак:

– Улічваючы тое, што пратэсты адбываліся ў Менску, такога моцнага ціску, як было, скажам, пасля Маршаў недармаедаў, у нас няма. Але дзяржава не хоча “спусціць на тармазах” гэтыя пратэсты, хоць яны і за дзяржаўную ідэю. Вось зараз і караюць: тых, хто больш публічны – суткамі, тых, хто менш публічны – штрафамі, але штрафы велізарныя.

Наталля Стрэльчанка паехала на акцыю 20 снежня, бо хоча бачыць Беларусь суверэннай краінай.  Дзмітрый Казлоў, відэаблогер з Барані, вёў прамыя трансляцыі з чатырох акцый супраць інтэграцыі  – 7, 8, 20 і 21 снежня. За гэта яму прысуджаны шраф і два арышты па 15 сутак. За кратамі ён знаходзіцца і зараз, а наступны суд чакае Дзмітрыя Казлова 27 студзеня.

Беларускае Радыё  Рацыя, Віцебск