Суд за збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг пройдзе ў Баранавічах
Суд над актывістамі Руху «За свабоду» Юрыем Казакевічам і Уладзімірам Гундарам адбудзецца 9 лістапада. Іх абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства паўторна на працягу года. Актывісты выйшлі на гарадскую плошчу для збору подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці.
Кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:
— Уладам жа бел-чырвона-белы сцяг, як мы ведаем, заўсёды не падабаўся. Яны кідаліся, і да гэтага часу кідаюцца нібы бык на чырвонае. А бел-чырвона-белы сцяг наш, гістарычны, ён чатыры гады быў дзяржаўным.
Паводле актывістаў, пры зборы подпісаў міліцыя не падыходзіла. Пазней выклікалі позвамі ў гарадскі аддзел міліцыі, склалі пратаколы аб парушэнні грамадскага парадку і адправілі ў суды.
Максімальнае пакаранне па гэтаму абвінавачванню — да 50 мінімальных базавых велічыняў ці арышт.
Беларускае Радыё Рацыя