Суд забараніў праводзіць страйк на „Полацк-Шкловалакне”
Рабочыя прадпрыемства „Полацк-Шкловалакно” — актывісты Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) адмовіліся ад ідэі правядзення доўгатэрміновай забастоўкі, бо Віцебскі абласны суд прызнаў яе незаконнай, паведаміў БелаПАН старшыня Полацкай рэгіянальнай арганізацыі СПБ Мікалай Шарах.
Работнікі прадпрыемства прынялі рашэнне аб забастоўцы з 1 лістапада і да канца года на канферэнцыі, якую 10 кастрычніка арганізаваў СПБ. Адзіны парадак правядзення забастоўкі вызначаны не быў — меркавалася, што рабочыя самі выберуць час і форму акцыі. На практыцы гэта азначала б, што кожны, хто падтрымаў ідэю забастоўк, можа спыніць працу ў любы момант у пазначаны перыяд.
Адміністрацыі прадпрыемства быў вылучаны шэраг патрабаванняў: спыніць дыскрымінацыю членаў СПБ, забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх прафсаюзаў і належную ахову працы, а таксама ў поўнай меры выконваць пункт калектыўнага дагавора па аплаце працы.
Па словах Шараха, пасля таго як прафсаюз апавясціў кіраўніцтва „Полацк-Шкловалакна” аб забастоўцы, генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакаў звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць яе незаконнай. У іску ён указаў, што члены СПБ вырашылі праводзіць забастоўку „пры адсутнасці калектыўнай працоўнай спрэчкі паміж бакамі калектыўнага дагавора”, не пацвердзілі свае паўнамоцтвы „ўдзельнічаць у калектыўных працоўных адносінах”, а таксама не далі звестак пра тое, што ў склад прафсаюзнай арганізацыі ўваходзяць работнікі прадпрыемства. На пасяджэнні 26 кастрычніка суд стаў на бок Бунакава і забараніў незалежнаму прафсаюзу праводзіць забастоўку.
„Мы дачакаемся матываванай часткі рашэння суда, каб абскардзіць прызнанне забастоўкі незаконнай. Аднак у тым фармаце, які быў заяўлены, мы праводзіць забастоўку не будзем. Неўзабаве мы правядзем пасяджэнне савета арганізацыі і вызначымся з далейшымі дзеяннямі”, — паведаміў рэгіянальны прафсаюзны лідар.
Шарах дадаў, што СПБ працягне патрабаваць ад адміністрацыі прадпрыемства раўнапраўных перамоў па сутнасці вылучаных прафсаюзам патрабаванняў. У выпадку, калі кіраўніцтва „Полацк-Шкловалакна” не пойдзе на дыялог, незалежны прафсаюз гатовы сабраць яшчэ адну канферэнцыю работнікаў прадпрыемства і прыняць паўторнае рашэнне аб забастоўцы.
„Суд прызнаў забастоўку незаконнай па чыста фармальных прычынах. Мы ўлічым іх і аб’явім аб забастоўцы паўторна так, каб падобных прэтэнзій не ўзнікла”, — сказаў Шарах.
Шкловалаконны завод у Полацку быў заснаваны ў 1958 годзе. У студзені 2003 года рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства „Полацкае вытворчае аб’яднанне „Шкловалакно” пераўтварылі ў ААТ” Полацк-Шкловалакно”. Прадпрыемства ўваходзіць у склад дзяржаўнага канцэрна” Белнафтахім”, на ім працуе больш як 4 тыс. чалавек.