Палякоў і Судаленка аспрэчваюць адказ старшыні Дзяржпагранкамітэта (абноўлена)
Васіль Палякоў не згодны з адказам старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Леаніда Мальцава на яго разам з Леанідам Судаленкам зварот у справе пастаянных затрыманняў для правядзення асабістага нагляду гомельскіх праваабаронцаў. «Гэтая негатыўная практыка, якую неабходна мяняць», – лічыць Васіль Палякоў.
– Я не згодны з тым, што гэта звычайная справа і шмат хто праходзіць праз гэту працэдуру. Таму павінны быць нейкія абгрунтаванні. Нават калі ў іх і склалася такая практыка, то яна няправільная. Павінны быць нейкія акалічнасці, якія дазваляюць праводзіць асабісты агляд і здымаць з цягніка. Тым больш ніхто не ведае і не турбуецца, як грамадзянін, якога знялі, будзе пасля дабірацца да канчатковага пункта. Бо атрымліваецца так: знялі з цягніка, правялі свае працэдуры і кінулі.
У сваім адказе старшыня ДПК Леанід Мальцаў адзначае, што дагляд з’яўляецца часткай працы на мяжы, а заканадаўства не абмяжоўвае перыядычнасць і частату правядзення надглядаў. Ён адзначыў, што дагляд прадугледжвае пэўныя нязручнасці, але ён прымяняецца на ўсіх межах свету. Праўда, чаму менавіта гомельскія праваабаронцы кожны раз трапляюць пад асабісты дагляд, у сваім адказе Леанід Мальцаў так і не патлумачыў.
* * *
«Спробы палітызаваць дагляды з’яўляюцца формамі ціску на службовых асоб», – так лічыць старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Леанід Мальцаў. У адказе на зварот з просьбай патлумачыць прычыны пастаянных асабістых даглядаў гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова, ён называе такія затрыманні на мяжы – звычайнай практыкай.
Прававабаронца Леанід Судаленка не пагаджаецца і даказвае адваротнае:
– Калі едзе цягнік, напрыклад, Вільня-Менск, там знаходзіцца каля 750 пасажыраў. А здымаюць чамусьці толькі мяне! І гэта пачынаецца, як толькі памежнік устаўляе мой пашпарт у сканер. Як можна казаць пра тое, што я палітызую гэтую працэдуру?
Старшыня памежнага камітэта павінен адказаць толькі на адно пытанне: “Чаму на любым памежным пераходзе да мяне прымяняецца такая выключная мера як асабісты дагляд,” – кажа Леанід Судаленка. Праваабаронца адзначае, што ён праходзіць па базах дадзеных як «экстрэміст» – такія матэрыялы ў яго звычайна і шукаюць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя