Суддзя не задаволіў скаргу Паўла Пагарцава
Суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў не задаволіў скаргу Паўла Пагарцава, які спрабаваў абскардзіць свой адміністрацыйны арышт пасля затрымання і збіцця міліцыяй. Маладзёну знізілі тэрмін пакарання да трох сутак, якія ён ужо адсядзеў.
Павел Пагарцаў мяркуе, што ў дзяржавы няма грошай, каб выносіць апраўдальныя прысуды:
– Калі б мяне цалкам апраўдалі, то давялося б б мне нешта кампенсаваць, а гэта шкода дзяржаве ў сувязі са склаўшайся сітуацыяй. У нас і так праблемы эканамічныя пачынаюцца сур’ёзныя, тут ім нявыгадна мяне цалкам апраўдваць.
Праваабаронца Леанід Судаленка назваў рашэнне суддзі Гомельскага абласнога суда Анатоля Сотнікава палавінчатым:
– Я буду рэкамендаваць Паўлу дабівацца поўнай рэабілітацыі, каб справа была спынена з-за адсутнасці падзеяў і складу правапарушэння, але ж на самой справе ён не вінаваты. Тое, што суд з барскага пляча зняў з яго неадбытыя суткі, гэта не значыць, што Павел не вінаваты. Гэта адміністратыўка будзе бегаць за ім усё жыццё. Будзем дабівацца поўнай рэабілітацыі і спынення на падставе адсутнасці складу правапарушэння.
Паўла Пагарцава затрымалі 11 жніўня байцы АМАП і даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна. У аддзеле міліцыі яго моцна збівалі нагамі, пагражалі зламаць рукі і ногі, а потым пакінулі на 18 гадзіць ляжаць на падлозе з завязанымі за спінай рукамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель