Судовае пакаранне за здымак са сцягам у лесе



У Бярозаўскім судзе разгледжана адміністрацыйная справа жыхара Бярозы Вадзіма Пашкевіча.

 

 

Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Масавым мерапрыемствам стаў здымак з бел-чырвона-белым сцягам у лесе. Здымак быў выкладзены ў інтэрнэт. Людзей там не відаць. Але міліцыянты метадам тыка назначаюць вінаватых. Перад гэтым робяць ператрусы і змяшчаюць на 72 гадзіны ці 144 гадзіны ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ствараюць умовы, якія можна прыраўняць да катаванняў.

 

 

Суддзя Алена Нямкова таксама палічыла здымак масавым мерапрыемствам і пакарала Пашкевіча штрафам у 10 базавых велічынь, кажа Вадзім Пашкевіч:

– Я бачу, што зараз адбываюцца ганенні нават за пэўныя колеры, не толькі за бел-чырвона-белыя, а нават проста за бела-чырвоныя… Гэта было выказванне пераканання, уласнага пераканання, згодна з 33-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І ніякі не пікет. Гэта быў лясны масіў. Вавёркам і вожыкам мы не заміналі.

Сацыял-дэмакратка Таццяна Тарасевіч і сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржук Русецкі лічаць такое рашэнне незаконным, гаворыць Тарасевіч:

– Міліцыя займаецца не тым, чым патрэбна. Ровары не шукаюць, калі ровар скралі.

– У краіне зараз няма незалежнага суду. Даказаць нешта ў сучасным судзе Рэспублікі Беларусь немагчыма.

Як адзначана на апошнім паседжанні Берасцейскай абласной пракуратуры, Берасцейская вобласць аказалася ў першым паўгоддзі з самым нізкім узроўнем злачыннасці, тым не менш колькасць цяжкіх злачынстваў і выпадкаў хуліганства значна вырасла. Можа, міліцыі пара вярнуцца да непасрэднай працы, заўважае праваабаронца.

Цалкам матэрыял:

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя